Застой нам толькі сніцца

На прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка, настальгаваў па часах Брэжнеўскага застою. Маўляў, нічога кепскага ў гэтым не было — наадварот, людзі мелі стабільнасць, атрымлівалі заробак, што яшчэ трэба...



392_300_32286_brejnev_.jpg

«Застой» ці крызіс?

Брэжнеўскі застой добра адчуваецца толькі недзе наверсе. У нізах яго няма нават ва ўспамінах. Толькі ў мінулым годзе, напрыклад, кошты на ўтрыманне дзяцей у дзіцячым садку выраслі ўдвая. Нават харчаванне дзіцяці ў садку зараз бацькі аплачваюць напоўніцу. Ці магчыма такое было ў «застоі», і ці «сацыяльная» такая мадэль?

Медыцына ў нас толькі ўмоўна бясплатная. Да таго ж, розныя ўрадаўцы штораз вяртаюцца да ідэі браць грошы за наведванне паліклінікі. Тарыфы на паслугі ЖГК за год выраслі на траціну (па дадзеных Белстата, на 33,7%). Грамадскі транспарт — на 50 працэнтаў.

Па дадзеных Беластата, сярод паслугаў насельніцтву больш за ўсё падаражэлі бані і саўны — аж на 77,7%. Ці магчыма такое было ў тыя застойныя часы, калі была знятая дагэтуль найпапулярнейшая «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай»?

Калі б Брэжнеў даведаўся, што гэтую сітуацыю нехта называе «Брэжнеўскім застоем», ён бы ў труне перавярнуўся.

Адзінае, што аб’ядноўвае сённяшнюю сітуацыю з застоем, — гэта прынцыпы кіравання эканомікай. Зараз яна працуе «ў ручным рэжыме». Пра гэта казаў і сам Лукашэнка, распавядаючы пра «замарожванне цэнаў». Нягледзячы на тое, што, па словах кіраўніка краіны «курс рубля адпусцілі ў свабоднае плаванне», Нацбанк жорстка трымае гэтае «плаванне». Інакш як патлумачыць тое, што курс долара падае ў той час, калі попыт на валюту перавышае прапанову?

Міністэрства гандлю ледзьве не паляванне вяло на тых прадпрымальнікаў і крамы, якія не выконвалі палажэнне аб «замарожванні коштаў» альбо парушалі «асартыментны спіс», аддаючы перавагу імпартнай прадукцыі. Крамы-парушальніцы зачынялі, а да прадпрымальнікаў ужо ставяцца як у брэжнеўскія часы да фарцоўшчыкаў.

Такая мадэль кіравання эканомікай прывяла да таго ж, да чаго прывяло і брэжнеўскае кіраванне. Лукашэнка вымушаны быў прызнацца, што ў пэўнай ступені ў краіне ўзнікае дэфіцыт, найперш тых тавараў, якія немагчыма замяніць беларускімі.

Між тым, «бананы і іншая зараза» — гэта, як кажуць, першы званочак. Дэфіцыт СССР пачынаўся з увайшоўшага ў анекдоты знікнення туалетнай паперы.

За пяць гадоў (з 2009-га) мы маем чатыры дэвальвацыі (дзве з іх у 2011-м). Як вынік, абяцаны сярэдні заробак 500 долараў у эквіваленце штораз абрынаецца. Відавочна, што эканоміка такі заробак не трывае. Кошты ж спрабавалі ўтаймаваць не адзін раз, але гэта немагчыма зрабіць у эканоміцы, якая арыентаваная на знешні свет як у імпарце, так і ў экспарце. Варта зазначыць, што пры кожным замарожванні коштаў цэны ўзрастаюць.

Насамрэч, сітуацыя ў нас не застойная, а больш падобная на набліжэнне крызісу канца 1980-х гадоў перад распадам СССР.

Выйсце з крызісу

Выйсце з гэтага крызісу ўсім вядомае: пераарыентацыя вытворчасці (памятаеце Гарбачоўскую канверсію ВПК?), дыверсіфікацыя рынкаў (так, зноў шлях на Захад), новыя тэхналогіі і разняволенне прыватнай ініцыятывы. То бок, рынкавыя рэформы. Інакш мы атрымаем «ліхія 90-я», чаго так палохаецца Аляксандр Рыгоравіч.

А чаму не? Таму, патлумачыў Лукашэнка. «Здзівіць я магу любой мадэллю, але ці гатовыя вы пераварыць гэтую мадэль? (…) Калі я вам прапаную самую эфектыўную амерыканскую мадэль, заўтра вуліцы будуць запоўненыя баевікамі, рознымі членамі пятай калоны. З усіх бакоў да нас паедуць, будуць нас вучыць, будуць нам ладзіць майданы», — адзначыў Лукашэнка.

То бок, Аляксандр Рыгоравіч палохаецца, што ў выніку пераўтварэнняў ён страціць уладу. І менавіта гэтым абумоўленае ягонае нежаданне эканамічнай трансфармацыі дзяржавы. Але менавіта адсутнасць гэтай трансфармацыі можа прывесці да таго самага Майдану ў выглядзе тысячаў рабочых перад Домам урада.

«Свет імкліва мяняецца», — зазначыў Аляксандр Лукашэнка, але, як заўсёды, гэта быў пасыл вонкавы, а не ўнутраны. Трэба было б зазірнуць у сябе і нарэшце ўсвядоміць, што застой быў амаль паўстагоддзя таму. Зараз сапраўды іншы свет, іншае грамадства. У Беларусі няма тых рэсурсаў СССР, каб гэты застой падтрымліваць і выпешчваць. І альбо мы проста зараз змяняемся разам з сусветам, альбо…

Ёсць шмат варыянтаў. І ўсе яны горшыя. Альбо мы застаемся краінай «трэцяга свету» ў цэнтры Еўропы, разам з дэградацыяй усёй прамысловасці. Альбо мы застаемся намінальна незалежнымі ў той час, як усё багацце, у тым ліку ў выглядзе прадпрыемстваў, назапашанае ў савецкі час, пяройдзе да рознага кшталту алігархаў. Альбо мы ўвогуле страчваем незалежнасць, таму што першы вораг краіны — слабая эканоміка. Пра гэта Аляксандр Рыгоравіч шмат казаў яшчэ год таму, напачатку расійска-ўкраінскага канфлікту, але зараз ён пра гэта забыўся.

І, варта зазначыць, што чым раней мы скончым захапляцца застоем, тым лепш. Аляксандр Лукашэнка казаў, што шокавай тэрапіі ў Беларусі не будзе. Але пасля распаду СССР ягоных грамадзянаў напаткаў менавіта шок. Так што, насамрэч, альтэрнатываў змене эканамічнага курсу папросту няма.