27-гадовага жыхара Брэста і яго маці пазбавілі беларускага грамадзянства
Міліцыя і суд палічылі, што 27-гадовы брэстаўчанін, які нарадзіўся і вырас у Беларусі, не меў права на грамадзянства.
Пра незвычайную гісторыю стала вядома з прэс-рэлізу Вярхоўнага Суда.
Супрацоўнікі Маскоўскага РАУСа Брэста правялі дзве праверкі ў дачыненні да брэстаўчаніна і прыйшлі да высновы, што ён «грамадзянінам Рэспублікі Беларусь не зʼяўляецца і неправамерна дакументаваны пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». Па якой прычыне раптам праводзіліся праверкі — не ўдакладняецца.
Мужчына нарадзіўся ў 1994 годзе ў Беларусі і ўсё жыццё пражыў у Беларусі. Бацька брэстаўчаніна — грамадзянін Украіны. У маці на момант нараджэння сына быў яшчэ пашпарт грамадзянкі СССР, які яна атрымала ў Валынскай вобласці ў 1989 годзе. У 1997 годзе Маскоўскі РАУС Брэста выдаў ёй беларускі пашпарт, але цяпер той жа Маскоўскі РАУС прыйшоў да высновы, што яна не мела на гэта падстаў.
Чаму праз 24 гады міліцыя вырашыла правесці праверку ў дачыненні да жанчыны, зноў жа, не паведамляецца. Але ў выніку ўлады анулявалі і грамадзянства маці, і грамадзянства сына.
Высновы міліцыі падтрымаў суд.