29 гадоў калоніі на ўсіх. Вынесеныя прысуды яшчэ васьмі фігурантам справы аб масавых беспарадках у Брэсце

У судзе Ленінскага раёна Брэста 12 ліпеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках») супраць 12 чалавек. Гэта ўжо чацвёртая партыя брэстаўчан, якіх судзяць па справе аб масавых беспарадках, што прайшлі ў Брэсце 9 і 10 жніўня мінулага года.

Перад абвяшчэннем прысуду. Фота «Брэсцкай Вясны»

Перад абвяшчэннем прысуду. Фота «Брэсцкай Вясны»

Суддзя Дзмітрый Шурын вынес прысуды васьмі фігурантам справы. Справа Марка Антонава, Яўгена Пекача і Аляксандра Цімафеева вынесена ў асобную вытворчасць па прычыне іх хваробы. Яшчэ адзін фігурант справы — Алег Юраў, які не быў заключаны пад варту, — абвешчаны ў вышук.
Прызначаны наступныя тэрміны васьмі фігурантам справы:

  • палітвязень Герасімук Святаслаў — 4 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітвязень Збаранскі Давід — 3 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • палітвязень Мельнічук Валерый — 4 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • палітвязень Сірадзэ Марэк — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Тарасавец Андрэй — 3 гады калоніі агульнага рэжыму (узяты пад варту ў зале суда);
  • палітвязень Трафімук Вячаслаў — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • непаўналетні Пацяйчук Іван — 3 гады выхаваўчай калоніі (узяты пад варту ў зале суда);
  • непаўналетні Імхавік Максім — 3 гады выхаваўчай калоніі (узяты пад варту ў зале суда).

У чым іх абвінавацілі?

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя шрубы, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, паводле версіі следства, пацярпелі 24 сілавікі. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў вобласці вялікага пальца правай кісці, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, паводле версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
spring96.org