Аб’яднаны пераходны кабінет заклікаў Telegram вярнуць эмодзі з БЧБ-сцягам

Нядаўна кіраўніцтва Telegram прыбрала са спіса эмодзі выявую БЧБ-сцяга. Цяпер пазначыць Беларусь у папулярным месенджары можна толькі лукашэнкаўскім чырвона-зялёным сцягам. З гэтай нагоды прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэннi Аб'яднанага пераходнага кабінета звярнулася ў Telegram з адкрытым лістом.

gzzhyoaixfnutqr_800x450_nopad.jpg

«Мы былі натхнёныя рашэннем Telegram 25 жніўня 2020 года замяніць эмодзі чырвона-зялёнага сцяга на наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, прызнаючы значэнне гэтага сімвала для беларускага народа, асабліва ў кантэксце масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і ўзурпацыі ўлады рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які да гэтага часу працягвае жудасныя рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі. Гэты жэст стаў сімвалам падтрымкі нашай справы і быў высока ацэнены беларусамі ва ўсім свеце, — гаворыцца ў лісце. —

Але нам стала вядома, што платформа вярнула паказ эмодзі ад нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга да чырвона-зялёнага, нават у старых паведамленнях, у тым ліку ў незалежных медыя-каналах і іншых рэсурсах. Гэтая змена выключыла магчымасць беларусам выкарыстоўваць эмодзі з нашым нацыянальным сцягам, які быў важным інструментам для выказвання салідарнасці і павышэння ўсведамлення нашай барацьбы.

У сувязі з працяглым палітычным рэпрэсіямі, парушэннямі правоў чалавека і абсалютнай адсутнасцю свабоды слова ў Беларусі, мы паважліва просім аднавіць эмодзі бел-чырвона-белага сцяга ў Telegram. Такі крок адправіў бы магутны сігнал нашай супольнасці і свету аб тым, што барацьба за вольную Беларусь прызнаная і падтрымліваецца.

Telegram быў створаны з асаблівым акцэнтам на прыватнасць і свабоду слова, каштоўнасці, якія глыбока рэзануюць з памкненнямі беларускага народа. Для беларусаў гэтая платформа ператварылася ў асноўны інструмент камунікацыі ў часы татальнага пераследу рэжымам кожнага грамадзяніна і парушэння базавых правоў чалавека ў Беларусі. У кантэксце сістэматычнага прыгнёту іншадумцаў, абмежавання доступу да незалежных крыніц інфармацыі і пераследу за выказванне сваіх поглядаў, Telegram стаў прасторай, дзе беларусы могуць дзяліцца надзейнай інфармацыяй і ладзіць мірныя акцыі пратэсту. У такіх умовах Telegram выступае як важная інструментальная пляцоўка для забеспячэння лучнасці, салідарнасці і падтрымкі сярод беларусаў, якія змагаюцца за сваю будучыню».


Глядзіце таксама

Звяртаючыся да беларусаў, АПК заклікала падтрымаць зварот да Telegram.

«Мы, беларусы, аб'яднаныя агульнай мэтай, павінны данесці да платформы нашу думку. Кожны(ая) з нас можа зрабіць гэта, скарыстаўшы афіцыйныя каналы сувязі з Telegram: https://telegram.org/support. Для гэтага можна выкарыстоўваць гатовы шаблон:

«Dear Telegram Team,

In light of the ongoing political repression, human rights violations, and the suppression of free speech in Belarus, we respectfully request the restoration of the white-red-white flag emoji on Telegram. Reinstating this symbol would reaffirm Telegram's commitment to supporting the fight for freedom and democracy in Belarus and would serve as a significant gesture of solidarity with the Belarusian people.

Thank you for your attention to this matter and look forward to your response».

Таксама, вы можаце звязацца са службай падтрымкі Telegram у наладах месенджара, выбраўшы опцыю «Задаць пытанне».

Падобная арганізаваная і мэтаскіраваная акцыя не толькі прадэманструе наша адзінства і рашучасць у барацьбе за свае ідэалы, але і падкрэсліць важнасць нашага нацыянальнага сімвала як спосабу выражэння нашай ідэнтычнасці».