Абаронцы Курапатаў гатовыя сустрэцца з уладальнікам «Поедем поедим»

На пасяджэнні, што адбылося ў Мінску 24 чэрвеня, абаронцы Курапатаў выпрацавалі адзіную пазіцыю.

kurapaty_pazicyja_logo.jpg

Абаронцы Курапатаў заявілі аб гатоўнасці сустрэцца з уладальнікамі рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем поедим” 27 чэрвеня а 10.00 на пляцоўцы інтэрнэт-парталу TUT.BY.

Узгодненая пазіцыя абаронцаў Курапатаў уключае тры пункты :

1. Спыненне працы рэстарацыі “Поедем поедим”.

2. Незалежнае грамадскае расследаванне абставінаў будаўніцтва рэстарацыі з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.

3. Непрымальнасць выкупу рэстарацыі грамадскасцю. 

Сярод падпісантаў узгодненай пазіцыі — Зміцер Дашкевіч (ад Маладога Фронту), Рыгор Кастусёў (ад Партыі БНФ), Алег Корбан (ад грамадскай арганізацыі “Альтэрнатыва” ), Вольга Мікалайчык (ад грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”), Эдуард Пальчыс (ад беларускіх блогераў), Павел Севярынец (ад партыі БХД), Вячаслаў Сіўчык (ад Руху салідарнасці “Разам”), Ганна Шапуцька (ад грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”) і аўтар гэтага артыкулу (ад грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”).

Трэба мець на ўвазе, што кіраўніцтва КХП-БНФ вырашыла выступіць з асобнай заявай.