Генпракуратура пракаментавала сітуацыю з рэстаранам каля Курапатаў

Генпракуратура можа праверыць "рашэнне кампетэнтнага органа" па Курапатах, асабліва "калі гэтае пытанне будзе нейкім чынам падымацца далей", паведамляе «Еўрарадыё».

kurapaty_30_hoddze_adkryccja_logo_2.jpg

Генпракуратура пакуль не ўмешваецца ў сітуацыю вакол скандальнага забаўляльнага комплексу каля Курапатаў. Пра гэта намеснік генпракурора Аляксей Стук заявіў на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня, піша sb.by.

Як вядома, у Курапатах з пачатку месяца адбываюцца пратэсты каля рэстарана "Поедем поедим". Абаронцы Курапатаў заяўляюць пра амаральнасць забаўляльнага комплексу каля месца масавых рэпрэсіяў.

Намеснік генпракурора нагадаў, што ў 2012 годзе пракуратура займалася праверкай па факце будаўніцтва каля Курапатаў. Тады праверка выявіла парушэнне: частка будынкаў забаўляльнага комплексу была ўзведзеная ў ахоўнай зоне.

Аднак у 2014 годзе межы ахоўнай зоны былі змененыя рэспубліканскай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры. Цяпер гэтыя будынкі не знаходзяцца ў ахоўнай зоне.

"Як будуць далей развівацца падзеі? Ёсць рашэнне кампетэнтнага органа. Калі гэтае пытанне будзе нейкім чынам падымацца далей — дэпутатамі, нейкімі грамадскімі арганізацыямі, — мы праверым рашэнне кампетэнтнага органа", — канстатаваў Аляксей Стук.