Адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель — першы пробашч парафіі святога Роха

Раніцай 10 снежня на 55-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які ў апошні час нёс служэнне вікарыя ў згаданай парафіяльнай супольнасці.

7ynbbb4n7exa1vv5kefgrdc2h6ts9yr0.jpg

У розны час святар быў душпастырам у парафіях Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, Нараджэння Маці Божай у Заслаўі, дырэктарам ДКТ Caritas Мінск і Беларусь, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.

Ксёндз Міхал Сапель нарадзіўся 17 лістапада 1967 года ў Браславе.

Скончыўшы сярэднюю школу ў 1984 годзе, Міхал адчуваў пакліканне да святарства, аднак вырашыў спачатку паступіць у медыцынскае вучылішча ў латвійскім Даўгаўпілсе. Прапіска ў суседняй рэспубліцы дала яму магчымасць праз год паступіць у духоўную семінарыю ў Рызе, якую ён паспяхова скончыў у 1990 годзе.

27 траўня 1990 года Міхал Сапель разам з усімі сваімі аднакурснікамі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Малады святар быў скіраваны ў Мінск і прызначаны вікарыем касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазней ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску.

Руплівасцю ксяндза Міхала і яго супрацоўнікаў па літургічнай камісіі паспяхова развівалася метадычная праца па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».

ht2h79ms25dods03frr6mnr8detm7f4h.jpg

На плечы маладога святара Міхала Сапеля легла яшчэ адна адказная місія: у мясцовым Касцёле яму было даручана наладзіць дабрачынную дзейнасць. Так, у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя Caritas.

Ужо праз некалькі гадоў беларускі Caritas ад банальнага прымання гуманітарнай дапамогі і яе размеркавання пачаў рэалізоўваць сапраўды сур’ёзныя праекты, найбуйнейшы з якіх — дзіцячы цэнтр у Ляскоўцы.

Акрамя парафіі на Залатой Горцы, ксёндз Міхал Сапель да 1996 года быў таксама пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час служыў вернікам у Заслаўі.

Вакол першага ў пасляваенны час душпастыра, маладога руплівага святара Міхала Сапеля, браслаўчаніна, выпускніка Рыжскай духоўнай семінарыі, хутка сабралася сталічная каталіцкая моладзь, якая жадала маліцца на роднай мове і мела тут такую магчымасць, яшчэ рэдкую ў тыя часы.

tg0pwklwwj5ttf3zusd28o5rbkam19xd.jpg

Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Паводле budzma.org