Агракультурны фэст у Мінску

Агракультурны фэст адкрыўся 31 жніўня ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Арганізатарамі фэсту, прысвечанага праблемам арганічнай сельскай гаспадаркі, выступілі грамадскае аб’яднанне “Экадом” і экалагічная ўстанова “Агра-Эка-Культура”.



Як распавяла каардынатар фэсту і праектаў па арганічнай сельскай гаспадарцы кандыдат сельскагаспадарчых навук Лана Сяменас, арганічныя тэхналогіі з’яўляюцца альтэрнатывай існуючым, якія вельмі забруджваюць ваду, глебу і паветра, звужаюць арэал распаўсюджвання дзікіх жывёл, раслінаў і іншых арганізмаў, а таксама імкнуцца да атрымання ўраджаю любым коштам. Паводле яе слоў, арганічная сельская гаспадарка забяспечвае ўстойлівую вытворчасць якасных прадуктаў харчавання, станоўча ўздзейнічае на прыроду, падтрымлівае традыцыйную культуру і эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый, умацоўвае сацыяльныя сувязі, супрацьстаіць эканамічнаму крызісу.

   

akf_2_logo.jpg

 Каардынатар фэсту Лана Сяменас

Адказваючы на пытанні карэспандэнта “Новага Часу”, спадарыня Сяменас адзначыла, што згодна з ўрадавай пастановай наконт развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі і сертыфікацыі яе прадукцыі, распрацоўваецца адпаведнае заканадаўства. Сярод найбольш актуальных праблемаў арганічнага земляробства Сяменас назвала фармаванне механізму кошту на прадукцыю, атрыманую па экалагічных, біялагічных тэхналогіях.  Куратар фэсту выказала надзею, што праз год-два ў краіне будзе створана неабходная нарматыўна-прававая база для развіцця арганічнага земляробства.

Пры гэтым навукоўца падкрэсліла, што арганічныя тэхналогіі даюць найбольшы эфект у краінах, дзе адбылася аграрная рэформа і на вёсцы пануе прыватная ўласнасць. “Пра гэта сведчыць вопыт Грузіі і Украіны. Вось чаму і ў Беларусі патрэбна аграрная рэформа, каб найбольш эфектыўна выкарыстоўваць зямлю”, — сказала Лана Сяменас. Паводле яе слоў, найбольш паспяхова арганічныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў Латвіі, Украіне і Даніі, дзе на гэты шлях да 2020 года мяркуецца перавесці ўсю сельскую гаспадарку.

akf_4_logo.jpg

Прадукты з казінага малака прапануе фермер з хутару Лізавеціна Дзяржынскага раёну Мінскай вобласці Алесь Крылоў

Журналісты — удзельнікі прэсавай канферэнцыі з нагоды адкрыцця фэсту — паўдзельнічалі ў сяўбе азімай пшаніцы хлебапякарных якасцяў, пазнаёміліся з выставаў прац 11 беларускіх мастакоў — удзельнікаў спецыялізаванага пленэру, які на пачатку ліпеня адбыўся на сядзібе “Утрына” Глыбоцкага раёна Віцебская вобласці, а таксама з фермерамі арганічнага земляробства і іх прадукцыяй. 

У праграме двухдзённага фэсту — лекцыі, прэзентацыі, дэгустацыі, кансультацыі, экскурсіі, майстар-класы і выступы артыстаў.

Закрыццё фэсту — вечарам 1 верасня.

Адказы на пытанні па вядзенню арганічнага земляробства можна атрымаць на сайце agracultura.org

Фота аўтара