Акцыя ў Асвенціме: Адаму Бяляцкаму — 1 год 6 месяцаў зняволення
17 студзеня раённы суд польскага гораду Асвенцім агучыў прысуд удзельнікам перформансу каля музею Аўшвіц-Біркенаў, паведамляе Радыё Свабода.
Адам Бяляцкі асуджаны да 1 году 6 месяцаў зняволення. Яго прызналі вінаватым ў знявазе месца памяці і забойстве жывёлы. Ён таксама мусіць заплаціць штраф у памеры 2 000 злотых (каля 630 даляраў ЗША). Яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.
Мікіта Валадзько асуджаны да 1 году 2 месяцаў зняволення. Яму таксама забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.
Іншым абвінавачаным прысудзілі штрафы ў памеры 10 тысяч злотых і абмежавання волі тэрмінам 1 год.
24 сакавіка 2017 году раздзетыя дагала маладыя людзі завесілі лёзунг «Arbeit Macht Frei» расцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Падчас акцыі два ўдзельнікі-беларусы зарэзалі ягня.
Суд над удзельнікамі акцыі «Love Macht Frei», сярод якіх чацвёра беларусаў, палякі, грамадзянін Нямеччыны і асоба з двайным грамадзянствам, ад жніўня 2017 году ідзе ў раённым судзе Асвенціму. 8 снежня падсудныя выступілі з апошнім словам.
Для шараговых удзельнікаў пракурор прасіў 1 год 4 месяцы зняволення кожнаму (пакаранне можа быць адбытае ў выглядзе 32 гадзін сацыяльнай працы на месяц). Беларусам Мікіту Валадзько і Адаму Бяляцкаму, якіх следства лічыць арганізатарамі акцыі, пракурор прасіў пакаранне 2 гады 2 месяцы і 2 гады 6 месяцаў зняволення адпаведна.
Адам Бяляцкі — сын вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Свой удзел у акцыі і судовым працэсе ён асабіста пацвердзіў Радыё Свабода.