Актывіста з татуіроўкай «Лукашенко, уходи», які эміграваў у ФРГ, выклікалі ў Следчы камітэт Беларусі

Юры Рубцоў, які ўжо больш за два гады чакае ў Германіі палітычнага прытулку, завочна атрымаў позву ў Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэту. Паперу знайшоў ягоны сын Віктар Рубцоў на месцы жыхарства ў Гомлі, піша БелаПАН.

cb63181e_4f9f_405d_827c_feb6c8e7a807_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg


Сам Юры Рубцоў кажа, што не ведае пра прычыны выкліку, але мяркуе, што ў следчых яго «нічога добрага не чакае», таму лічыць, што вяртацца з Германіі ў Беларусь яму ня варта — і небяспечна.
«Я магу толькі здагадвацца, — кажа Рубцоў БелаПАН пра выклік у СК. — Магчыма, на мяне завялі крымінальную справу за ўхіленне ад нагляду — пасля так званага памілавання Аляксандрам Лукашэнкам я, калі з'ехаў у Германію, парушыў нагляд».
Цяпер Рубцоў чакае вынікаў апеляцыі па прашэнні аб палітычным прытулку (першае прашэнне адхілілі). Ён кажа, у Германіі «проста ня вераць» у тое, што адбылося з ім у Беларусі.
Рубцоў ня раз выходзіў на акцыі апазіцыі ў Мінску ў цішотцы з надпісам «Лукашенко, уходи». У 2014 годзе яго асудзілі на два гады абмежавання волі за «ўхіленне ад пакарання» ў вясковай спецкамендатуры, куды раней яго скіравалі за на паўтара года за «абразу судздзі» падчас аднаго з судоў над ім. У час адбывання пакарання трымаў працяглую галадоўку, зрабіў на грудзях татуіроўку з тым самым надпісам «Лукашенко, уходи», якую прадэманстраваў у судзе.
Аляксандар Лукашэнка выслухаў гісторыю пра Рубцова ад карэспандэнта Свабоды Валера Каліноўскага падчас сустрэчы з журналістамі. Рубцова ў выніку вызвалілі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году.
svaboda.org