Алег Трусаў: «Калі пераможа беларуская рэвалюцыя, колькасць беларускіх школ павялічыцца»
Алег Трусаў лічыць, што калі б перапіс праводзіўся сёння, за беларускую мову выказаліся б 70–80 працэнтаў. Пра гэта Алег Трусаў распавёў «Польскаму радыё».
10 верасня былі апублікаваныя частковыя вынікі перапісу насельніцтва 2019 года. На фоне пратэстных падзеяў вынікі маглі застацца паза ўвагай некаторых беларусаў. А яны для многіх могуць быць нечаканымі і прыемна суцяшальнымі.
Прайшоў амаль год з моманту, калі вёўся перапіс насельніцтва, а толькі зараз сталі вядомыя некаторыя вынікі. Цяпер мы можам сказаць з вялікай дакладнасцю, якая доля беларускай мовы ў Беларусі — у якасці роднай яе пазначылі 54 адсоткі беларусаў. Гэты вынік складае больш, чым 10 гадоў таму, калі беларуская мова была першай мовай 53,2% беларусаў.
Гэты вынік радуе і быў нечаканым — кажа сябра Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў:
— Гэта павышэнне, а ўсе думалі, што будзе жахлівае паніжэнне, таму я вельмі рады. Улічваючы ў якой краіне мы жывём, як улады не любяць беларускую мову — для нас гэта добры знак. Аднак, думаю, каб перапіс быў сёння — было б 70–80%.
Перад самім перапісам і падчас яго ў Беларусі ладзіліся акцыі, як, напрыклад, «Беларускамоўны, Беларускамоўная». Паводле меркавання Алега Трусава, яны маглі мець уплыў на канчатковы вынік і павышэнне папулярнасці беларускай мовы. У выніках перапісу ёсць, аднак, адзін фактар, які не радуе — дома па-беларуску размаўляе толькі 26% апытаных, 10 гадоў таму гэта лічба складала 30%
— Гэтыя акцыя напэўна далі свой плён, але і рэзка зменшылася колькасць вясковага насельніцтва і вясковых, беларускамоўных школ стала менш. Зараз мы сталі гарадской нацыяй, а ў гарадах не размаўляюць па-беларуску і так было спрадвеку.
Папулярызацыя беларускай мовы мае месца падчас цяперашніх пратэстаў — лозунгі, плакаты і сімволіка — практычна ўсё ўтрымлівае ў сабе выразныя прыкметы беларускасці. На думку нашага суразмоўцы, распачаўся шлях да большай прысутнасці беларускай мовы, яна стала знаёмай усім, хто ходзіць на пратэсты і людзі ўсё больш цікавяцца сваёй роднай мовай.
— Людзі з кожным днём самі прыходзяць — лозунгі ў асноўным беларускамоўныя. Самае галоўнае — тое, што на першы план выйшла сімволіка, а сімволіка аўтаматычна цягне за сабой нацыянальную мову. Таму калі зараз пераможа беларуская рэвалюцыя, колькасць беларускіх школ павялічыцца, без сумневаў.
Нягледзячы на ўсе пазітывы, выразна кідаецца ў вочы факт, што лідарка грамадзянскага руху пратэсту — Святлана Ціханоўская — размаўляе і выступае на міжнароднай арэне па-руску. Як гэта можа ўплываць на моўную сітуацыю Беларусі пасля магчымых перамен? Алег Трусаў лічыць, што мова лідаркі не настолькі важна, наколькі свядомасць грамадства, а ў прысутнасці беларускамоўнага лідара ён не сумняваецца і называе прозвішча.
— Ціханоўская не любіць ні сімволіку, ні мову. Яна не хацела падтрымліваць сімволіку. Казала, што цудоўна валодае беларускай, а на самай справе двух слоў па-беларуску звязаць не можа. Беларускамоўны лідар ёсць — гэта Павел Латушка. Калі ён стане прэзідэнтам, верне ўсё беларускае.
З іншых апублікаваных вынікаў перапісу насельніцтва варта ўзгадаць, што ў Беларусі жыве на амаль 100 тысяч менш людзей, чым дзесяцігоддзем раней — аднак тых, хто дэкларуе беларускую нацыянальнасць, больш на 33 тысячы. Чарговы перапіс павінен прайсці ў 2029 годзе — перад папулярызатарамі беларускай мовы шмат працы, дзеля таго, каб у наступны раз можна было вяшчаць пра рашучую большасць беларускамоўных у краіне.