Алесь Лагвінец зноў паспрабуе зарэгістраваць «Дзею» ў Беларусі

На з'ездзе ў Мінску 10 лістапада было прынята рашэнне зноў паспрабаваць зарэгістраваць у Беларусі аб'яднанне «Дзея», піша Радыё Свабода.

lahvinec_2.jpg


У мінулым годзе «Дзею» зарэгістравалі ў Літве як грамадскую арганізацыю, але адмовіліся рэгістраваць у Беларусі, спаслаўшыся на недакладнасці ў заяўцы.
Цяпер на сходзе, у якім узялі ўдзел 60 чалавек, прынялі рашэнне аб стварэнні праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Дзея” і абралі калегіяльны кіруючы орган арганізацыі — Рада ў складзе 5 чалавек (Сяржук Бахун, Уладзімір Бараноўскі, Алесь Лагвінец, Максім Ціханаў, Аліна Нагорная), якая цягам месяца абярэ канцлера.  
У Беларусі перыядычна рэгіструюць грамадскія аб’яднанні (сцвярджаецца, што за 2017 год зарэгістравалі 150), але даволі рэдка рэгіструюць праваабарончыя або неяк звязаныя з палітыкай аб’яднанні.
Напрыклад, «Гавары праўду» зарэгістравалі як даследчыца-асветніцкае грамадскае аб'яднанне толькі з сёмай спробы, і ўжо пасля таго, як ад руху выстаўлялі кандыдатаў на парламенцкіх і нават двойчы на прэзідэнцкіх выбарах.
І калі рухі яшчэ рэгіструюць, то апошнюю партыю ў Беларусі зарэгістравалі ў 2000 годзе — гэта была КХП БНФ. «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ўжо сем разоў спрабавала зарэгістравацца — і сем разоў атрымлівала адмову. Спробы рэгістрацыі, кажуць у БХД, не спыняюць, хоць чальцам арганізацыі пагражаюць «праблемамі».