Аляксандр Фядута: Модны прысуд з асаблівым цынізмам
Рашэнне Брэсцкага абласнога суда ўражвае сваёй заканамернасцю, піша Аляксандр Фядута на «Белсаце». Справа Генадзя Шутава ўвойдзе ў падручнікі па юрыспрудэнцыі як прыклад гэтага цынізму. Прыклад яскравы і незабыўны.
Забітага Генадзя Шутава прызналі
вінаватым у супраціве чалавеку ў цывільным, узброенаму агнявою зброяй і, згодна
з паказаннямі сведкі, які не назваўся, як гэта належыць зрабіць.
Гэта абсалютна ў трэндзе нашага правасуддзя апошняга года. Пацярпелы заўсёды вінаваты. Цябе білі? Вінаваты! Плаці штраф! Цябе білі і табе пагражалі? Атрымай свае гады: не суткі — гады зняволення!
У выпадку з забітым Шутавым яго, праўда, вызвалілі ад пакарання. Бо, баюся, выкананне давялося б даручыць архангелам. А тыя маглі б не пагадзіцца з прысудам. Таму, напэўна, суддзя пастанавіла не рызыкаваць і не даводзіць справы да найвышэйшай — ува ўсіх сэнсах слова — інстанцыі.
Але трагічная сітуацыя з забітым бяззбройным чалавекам, прызнаным вінаватым дэ-факта ва ўласнай гібелі, нагадвае мне яшчэ адну гісторыю. Памятаеце знакаміты мюзікл «Чыкага»? Там, перабываючы за кратамі, жанчыны-забойцы, якія расправіліся хто з мужам, а хто з палюбоўнікам, распавядаюць адна адной уласныя гісторыі. Цудоўны рэчытатыў у кожнай змяняецца рэфрэнам:
— Ён сам нарваўся! Ён сам нарваўся!
Дзяржава ў асобе пракурораў, суддзяў, сведак і нават забойцаў, вольных або міжвольных, кажа забітаму:
— Ты сам нарваўся!
Толькі ў «Чыкага», карыкатурным малюнку правасуддзя ў Амерыцы 1930-х гадоў, Феміда часам сапраўды аказваецца сляпой і абыякавай, і забойца будзе вымушаны прайсці свой апошні шлях да пакарання. А ў Беларусі яна смяецца з тых законаў, якія сама ж пісала і якіх павінна прытрымлівацца.
— Ты сам нарваўся, — захлынаецца яна ў здзеклівым смеху. — Ты вінаваты! Ты, а не тыя, хто цябе забіў і хто аддаў загад, праз які твая гвалтоўная смерць стала магчымай! Ты!
Мы ўжо прайшлі праз пасмяротнае абвінавачанне Рамана Бандарэнкі ў п’янстве і праходзім праз суд над доктарам і журналісткай, якія адважыліся — падумаць толькі! — сказаць уголас праўду. Цяпер мы прайшлі яшчэ больш высокую стадыю дзяржаўнага цынізму. Справа Генадзя Шутава ўвойдзе ў падручнікі па юрыспрудэнцыі як прыклад гэтага цынізму. Прыклад яскравы і незабыўны.
У ім быў толькі адзін момант, які заслугоўвае яшчэ большай увагі. Феміда назвала па імёнах усіх датычных да таго, што здарылася. Заканчваючы афіцэрам, які націснуў на курок, і пачынаючы высокімі чынамі ў пагонах, якія аддалі загад, згодна з якім гэты стрэл стаў магчымым і амаль непазбежным. І ў гэтым таксама быў асаблівы цынізм. Мы знялі балаклавы, бо мы ўжо нічога не баімся. Так, мы (генералы) не прыедзем на суд даваць паказанні, не прымем удзел у спектаклі. Але мы не лічым аддадзеныя загады злачыннымі, а магчымасць аднаўлення справядлівасці — хоць крыху верагоднай. Прынамсі, у гэтым канкрэтным выпадку.
Хочацца верыць, што яны памыляюцца. І выступаць на новым судзе ў справе забойства Генадзя Шутава, як і ў справе забойства Аляксандра Тарайкоўскага, і ў справе забойства Рамана Бандарэнкі, усё ж такі давядзецца.
Я веру ў гэта, бо веру ў справядлівасць.