Аляксандр Казулін — пра тое, чаму яго не запрасілі на 100-годдзе БДУ: Крыўды няма, толькі радасць
Былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распавёў «Народнай Волі», чаму ён не быў запрошаны на святкаванне 100-годдзя БДУ.
— Мяне ўжо 18 гадоў не запрашаюць у БДУ ні на адно
мерапрыемства, — кажа Аляксандр Казулін. — Ці не крыўдна з нагоды такога
стаўлення? Ведаеце, я прызвычаіўся глядзець на ўсе гэтыя рэчы па-філасофску.
Калі разумееш, што адбываецца, то не можа быць крыўды. Толькі радасць.
— Але ж вы былі рэктарам універсітэта 7 гадоў, маглі б вас і
ўспомніць…
— Я вам шчыра скажу: БДУ — гэта практычна ўсё маё жыццё.
Лепшыя гады жыцця. Але, як ужо казаў, ні на каго не крыўдую. Бог ім суддзя!..
Нагадаем, што былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін у 2006 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Пазней яго затрымалі за арганізацыю акцыі пратэсту і асудзілі на 5,5 гадоў зняволення.