Андрэй Вашкевіч расказвае, што плавала па Нёмане за апошнія 150 гадоў
Хто такія плытагоны і колькі яны зараблялі? Як на віцінах з Еўропы вазілі кантрабанду? Куды падзеліся таксі на паветраных крылах ды “зарніцы” на паветранай падушцы?
Андрэй Вашкевіч. Фота Вольгі Мілавай
Гісторыя навігацыі на Нёмане — рэч амаль не даследаваная. Пра плытагонаў ды нёманскія віціны нават гісторыкі часцяком маюць толькі
павярхоўнае ўяўленне.
22 кастрычніка ў 18.30 у галерэі “Крыга” ў рамках цыклу вечаровых сустрэч, якія арганізоўвае “Гарадзенская бібліятэка”, пройдзе лекцыя гісторыка Андрэя Вашкевіча.
Некаторымі момантамі са свайго расповеду з чытачамі сайта “Твой стыль”” Андрэй падзяліўся ўжо зараз.+
Чаго толькі не плавала па Нёмане за апошнія 150 год! Гэта стругі, характэрныя для Нёмана віціны, пачалася і скончылася эпоха параходаў (першы прыплыў у Гродна ў 1855 годзе). У савецкі час былі таксама дызельныя цеплаходы, таксі на паветраных крылах ды “зарніцы” на паветранай падушцы! Канешне, не забудзем пра чоўны, якіх на Нёмане не робіць ніхто, ды лодкі-чайкі, якія яшчэ ёсць у Пышках ды іншых прынёманскіх вёсках.
Плытагоны — гэта збольшага прафесіяналы. Мала хто ведае, але былі нават чыста яўрэйскія суполкі плытагонаў — плытнтрайберы! Работа была небяспечная і шкодная для здароў'я, вельмі цяжкая. Але плытагонства было дарогай у вялікі свет — такое акно ў Еўропу.
Плытагоны таксама былі тымі, каго ў савецкі час называлі пралетарыятам, таму той самы Якуб Колас узгадваў іх у рэвалюцыйным кантэксце. Скончылася плытагонства на Нёмане толькі ў канцы 60-х.+
Віціны былі толькі нёманскімі караблямі і выконвалі функцыі перавозак да Балтыкі і назад (часам іх там пакідалі на дровы). На розных рэках судаходства адрознівалася тыпамі судоў: на Дзвіне — стругі, на Вісле — берліны, а на Нёмане — віціны.
Уладзіслаў Сыракомля ўспамінае, што па дарозе з Прусіі ў наш край каютка капітана віціны была застаўлена дарагой мэбляй, жырандолямі і іншым багаццем. Усё гэта падавалася як рэальныя інтэр’еры гэтага карабля, каб пазбегнуць выплаты мытных плацяжоў на карысць Расійскай імперыі.
Перспектывы? Трэба ўсё грунтоўна вывучыць, каб склалася комплексная нёмнаская экспазіцыя. Наогул, гэта вельмі цікавая турыстычная рэч і беларусы па троху гэты напрамак раскручваць (напрыклад, карабель вікінгаў з Бярозаўкі). І, канешне, павінен быць хаця б малы судаходны рух па спрошчанай схеме паміж Польшчай, Літвой і Беларуссю! Інакш заходняга турыста сюды не заманіш…
Мікола Аўдзейчык, “Твой стыль”