Антон Астаповіч просіць пракуратуру прыцягнуць да адказнасці за паклёп Ірыну Лаўроўскую
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) гісторык Антон Астаповіч 13 студзеня адправіў у пракуратуру Брэста заяву, у якой просіць прыцягнуць мясцовага даследчыка, гісторыка і архітэктара Ірыну Лаўроўскую да адказнасці за паклёп (ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса).
Антон Астаповіч
Заяўнік паведаміў БелаПАН, што прычынай для звароту ў пракуратуру сталі нядаўнія выказванні Лаўроўскай у СМІ. Яна заявіла, што Астаповіч без яе дазволу перадаў музейнаму комплексу "Брэсцкая крэпасць" падрыхтаваныя БДТАПГК матэрыялы з "даследаваннем планіровачнай структуры і архітэктуры старажытнага Брэста", у якіх, паводле слоў архітэктара, утрымліваюцца яе напрацоўкі.
Больш за тое, візуалізацыя рэканструкцыі гістарычнай забудовы, як яна сцвярджала, праводзілася пад яе кіраўніцтвам і пры яе непасрэдным удзеле. Архітэктар заявіла, што раней гэтыя
матэрыялы "ад імя Астаповіча" былі вылучаны на спашуканне Еўрапейскай прэміі культурнай спадчыны "Еўропа Ностра" (European Union Prize for Cultural
Heritage/Europa Nostra Awards).
"Выказванні з яе боку гучаць як паклёп, — сказаў Астаповіч. — Працы 2010 і 2011 года і праект, які рыхтаваўся для конкурсу "Еўропа Ностра" аўтарскай групай
таварыства аховы помнікаў, былі выкананыя не на аснове матэрыялаў Лаўроўскай. Да кіраўніцтва над гэтымі працамі яна таксама не мае ніякіх адносін".
Кіраўнік БДТАПГК растлумачыў, што пры стварэнні праекта аўтары грунтаваліся на адкрытых публікацыях, у прыватнасці даследчыкаў Алы Квітніцкай і Іны Слюньковай, а таксама
архіўных планах Брэста канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Апрача таго, былі выкарыстаныя "абмерныя чарцяжы брэсцкіх касцёлаў, цэркваў і манастыроў", якія
захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве, іх электронныя копіі выкладзены ў адкрытым доступе на сайце ibrest.ru. Гэты сайт
адмініструе старшыня брэсцкага аддзялення БДТАПГК Аляксандр Жаркоў.
Абверг гісторык і заявы Лаўроўскай наконт таго, што ён "прысвоіў сабе аўтарства гэтай працы". "Акцэнт рабіўся менавіта на тым, што гэтая калектыўная праца,
архітэктурны аналіз і астатняе выканалі Антон і Іван Вантухі, Андрэй Лары, Арцём Карабкоў, а для конкурсу "Еўропа Ностра" падрыхтаваў 20-старонкавае тэарэтычнае
абгрунтаванне на англійскай мове", — растлумачыў Астаповіч, дадаўшы, што аўтарскія правы на гэты праект належаць БДТАПГК, у роўнай ступені кожнаму аўтару і часткова
арганізатарам конкурсу.
Астаповіч паведаміў, што калі пракуратура не стане на яго бок, ён мае намер звяртацца ў суд з грамадзянскім іскам аб абароне гонару і годнасці.
У сваю чаргу Лаўроўская заявіла БелаПАН пра гатоўнасць даказаць у пракуратуры, што Астаповіч самавольна распараджаецца яе інтэлектуальнай уласнасцю. Архітэктар паведаміла,
што з 1990-х гадоў займаецца даследаваннем гістарычнай забудовы і планіроўкі Брэста. Вынікам гэтай дзейнасці стала дысертацыя, якую яна абараніла ў Інстытуце мастацтваў Польскай
акадэміі навук у 2006 годзе.
Паводле яе слоў, некалькі гадоў з ёю пазнаёміліся двое маладых людзей з БДТАПГК, якія прапанавалі "бясплатную дапамогу ў стварэнні трохмерных мадэляў і візуалізацыі
ёю навукова абгрунтаваных рэканструкцый будынкаў". Работай членаў БДТАПГК доктар архітэктуры засталася задаволеная і "спадзявалася на працяглае супрацоўніцтва" з імі.
Калі Лаўроўскую запрасілі ў склад аўтарскага калектыву па стварэнні праекта "Гісторыка-культурны цэнтр Брэста" на тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай крэпасці, яна, у сваю чаргу,
"запрасіла маладых людзей да далейшага супрацоўніцтва ў абмен на саліднае ўзнагароджанне". Аднак калі праца выканаўцаў была практычна закончана, тыя адмовіліся перадаць архітэктару
гатовыя трохмерныя мадэлі, створаныя "на падставе навукова абгрунтаваных рэканструкцый" Лаўроўскай. Архітэктар папярэдзіла іх пра адказнасць пры выкарыстанні атрыманых
матэрыялаў", аднак, паводле яе слоў, гэты прадукт выкарыстоўваецца без згадвання яе імя.
У 2011 годзе архітэктар даведалася, што БДТАПГК падало заяўку на спашуканне Еўрапейскай прэміі культурнай спадчыны Europa Nostra Awards у катэгорыі навуковых даследаванняў. Лаўроўская
"была здзіўлена", калі выявіла, што ў аснову заяўкі лягла візуалізацыя, зробленая на аснове яе даследчых матэрыялаў, аднак у якасці сааўтара яна не фігуравала. А ў канцы снежня
Лаўроўская даведалася, што Астаповіч "падарыў гэтыя матэрыялы музею Брэсцкай крэпасці".
Дзеянні Астаповіча Лаўроўская расцэньвае як неправамерныя: "Ён распаўсюджвае, тыражуе матэрыялы, выкананыя на аснове маіх навуковых распрацовак, пад маім непасрэдным кіраўніцтвам, з маім
непасрэдным удзелам, на маіх архіўных матэрыялаў і рэканструкцыях". "Я патрабую ад яго прабачэнняў і адпаведна хацела б, каб у гэтых матэрыялах маё аўтарства як даследчыка было
непахіснае", — заявіла яна.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН