Арцыбіскуп Кандрусевіч: Для вяртання касцёла святога Язэпа патрэбныя грошы і вернікі

“Кожны касцёл будуецца для людзей, каб там людзі маглі маліцца, каб у сценах гэтага касцёла будаваць жывы касцёл, які складаецца з сэрцаў чалавечых”, — патлумачыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазіцыю Каталіцкай Царквы ў Беларусі адносна будынка колішняга касцёла святога Язэпа падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі 23 снежня.  



arc.jpg

Фота з сайта krynica.info

Мітрапаліт Кандрусевіч раіць падыходзіць да гэтага пытання, зыходзячы з таго, што касцёл святога Язэпа, аб магчымасці перадачы якога вернікам гаворыцца на працягу шмат гадоў, знаходзіцца не проста ў цэнтры старога Мінска, а ў ста метрах ад кафэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Праз сто метраў ад яго знаходзіцца катэдра, якая можа змясціць яшчэ больш людзей. Сёння ёсць іншыя праблемы, якія трэба як мага хутчэй вырашыць. Сёння спальных раёнаў вельмі многа, і там няма касцёлаў, і чалавеку трэба ехаць далёка. Наша першаснае заданне сёння — будаваць там касцёлы — невялікія, функцыянальныя”, — тлумачыць герарх.

Для таго, каб касцёл быў перададзены вернікам, павінная з’явіцца манаская супольнасць, якая возьме на сябе адказнасць за матэрыяльнае забеспячэнне вядзення рэстаўрацыйных працаў, — кажа іерарх. У такім выпадку, сцвярджае арцыбіскуп, “я буду першы стаяць пад яго дзвярамі і казаць, каб яго перадалі. Вядома, хацелася, каб там вяшчалася Божае слова, але ў яго рамонт трэба будзе ўкласці некалькі мільёнаў даляраў. За гэтыя грошы я пабудую 2–3 невялікія касцёлы ў спальных раёнах, дзе яны патрэбныя. Далей — колькі людзей будзе ў гэтым касцёле, калі нават катэдра, якая знаходзіцца побач, — няпоўная”.

krynica.info