Аркадзь Ізраілевіч вызвалены з СІЗА КДБ
Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч у пятніцу 9 лістапада быў вызвалены са следчага ізалятара КДБ. Гэта пацвердзіла Свабодзе ягоная жонка Маргарыта Ізраілевіч.
Паводле яе, Аркадзь Ізраілевіч пакуль не хоча даваць каментары. Маргарыта Ізраілевіч паведаміла, што абвінавачванне яму не выстаўленае.
Раней крыніца Свабоды, якая пажадала, каб яе імя не называлася, паведамляла, што Ізраілевіч знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
Звесткі пра затрыманне Аркадзя Ізраілевіча з'явіліся 31 кастрычніка, але ніводная ўстанова не пацвярджала гэтай інфармацыі.
Бізнесовец стаў вядомы шырокай публіцы ў сувязі са скандалам вакол рэстараннага комплексу «Поедем поедим», пабудаванага каля ўрочышча Курапаты, у яго былой ахоўнай зоне. У верасні Суд Савецкага раёну Мінску адхіліў пазоў бізнесоўца да «Новага часу» і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць 600 рублёў на карысць газеты і журналіста. Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго. «Новы час» апублікаваў журналісцкае расследаванне на тэму будаўніцтва комплексу. У расследаванні сцвярджалася верагодная датычнасць Ізраілевіча да пабудовы і дзейнасці «Поедем поедим».