Аршанскія актывісты збіраюць подпісы, каб вярнуць у транспарт беларускую мову

Подпісы збіраюць пад зваротамі да дырэктара аўтапарка № 3 Сяргея Мацкевіча. І просяць, каб усе неабыякавыя гараджане таксама падтрымалі гэтую ініцыятыву — пісалі звароты да кіраўніка парку гарадскіх аўтобусаў.



chynouniky.jpg

Фота: spring96.org
Зварот да дырэктара аўтапарка выкліканы тым, што з нядаўняга часу прыпынкі ў аўтобусах абвяшчаюцца па-руску, хаця раней гучалі абвесткі электроннага прыстасавання-дыктара, запісаныя на роднай мове. Перайменаванняў прыпынкаў з таго часу амаль не было, чым выклікана адмена беларускамоўных абвестак — невядома. Актывісты лічаць, што пераход на раскую мову не спрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзі і не дадае турыстычнай прывабнасці роднаму гораду.

"У нашай краіне склалася добрая традыцыя абвяшчаць у грамадскім транспарце прыпынкі па-беларуску. Так робіцца ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Светлагорску, Мазыры і іншых гарадах. Гэта спрыяе развіццю беларускай культуры, станаўленню самасвядомасці чалавека, выхаванню яго на нацыянальных каштоўнасцях і традыцыях Беларусі. У такой сітуацыі з’яўленне рускамоўнага дыктара ў Оршы нявыгадна адрознівае наш горад ад іншых. Ствараецца ўражанне, што мы жывем не ў Беларусі і свае традыцыі не шануем.

Заклікаем вас вярнуцца да беларускамоўнага абвяшчэння аўтобусных прыпынкаў у гарадскім транспарце. Упэўнены, што гэта будзе спрыяць росту аўтарытэта ўзначальваемага вамі прадпрыемства і будзе ацэнена жыхарамі Оршы як пачатак новай станоўчай культурнай традыцыі", — гаворыцца ў звароце.


spring96.org