Аршанцы збіраюць подпісы, каб вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт

«Грамадскі транспарт Воршы ўжо некалькі гадоў выкарыстоўвае толькі расейскую мову ў сваёй працы. Беларуская мова, на якой раней абвяшчаліся прыпынкі ў аўтобусах, адсутнічае як у абвестках, так і ў раскладах на прыпыначных пунктах», – гаворыцца ў петыцыі, якая з'явілася на інтэрнэт-пляцоўцы «Зручны горад».

b73be2d81305828fc0ad7fdcbc37be3c_xl.jpg


Гэта ўжо не першая спроба жыхароў Воршы беларусізаваць сферу грамадскага транспарту ў родным горадзе і раёне. Раней “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” выказваў нават гатоўнасць супрацоўнічаць у гэтым пытанні, але далей за “гатоўнасць” справа не пайшла.
Пад электронным зваротам на адрас Аршанскага райвыканкаму за адзін дзень падпісалася каля 150 чалавек.
“У той момант, калі ў іншых гарадах Беларусі прыпынкі аб'яўляюцца і падпісваюцца на беларускай мове, у Воршы гэтага няма. Сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарку і звароты туды не далі плёну. Размовы пра захаванне спадчыны, традыцыяў, выступы з заклікамі пра пашану да малой радзімы не маюць аніякага сэнсу, калі родная мова выціснутая з усіх сфераў жыцьця ў Воршы і Аршанскім раёне”, – сцвярджаюць аўтары петыцыі.
Напярэдадні з'яўлення петыцыі адказ на падобны зварот у райвыканкам атрымаў аршанскі актывіст Арцём Сізінцаў. Першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Сяргей Пац у сваім адказе спасылаецца на Канстытуцыю і дзве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую.
“Раней у гарадскім грамадскім транспарце Воршы прыпыначныя пункты аб’яўляліся на беларускай мове. Аднак па шматлікіх зваротах, якія паступаюць на адрас філіялу “Аўтобусны парк №3 г. Воршы” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і Аршанскі райвыканкам, было прынятае рашэнне аб’яўляць прыпыначныя пункты на рускай мове”, – адказаў чыноўнік.


“Адказ за подпісам намесніка старшыні выканкама спадара Паца, які адказвае за транспартную галіну, нічым не здзівіў – усё гэта можна было прадугледзець. Дзве дзяржаўныя мовы, “заўвагу прынялі да ведама” і таму падобная вада. Пры маіх ранейшых зваротах наконт сымболікі чужой дзяржавы – Расеі – у адказах прынамсі пісалася пра правядзенне “тлумачальных гутарак”, цяпер і гэтага няма. А расейскія сцягі сустракаюцца (у аўтобусах) рэгулярна, у адным прыбяруць, у другім з'явяцца. Гэта сведчыць пра тое, што на агульных сходах ніхто нават гутарак, не тое што мэтанакіраванай палітыкі, не праводзіць”, – пракаментаваў адказ Паца Арцём Сізінцаў.
У петыцыі, якая з'явілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад”, актывісты патрабуюць вярнуць беларускую мову ў грамадскі транспарт гораду Воршы.
vitebskspring.org