Аўтар беларускага Пачакуна з’ехала за мяжу. «На мяне хацелі павесіць усе акцыі ў раёне»
Аксана Ліхадзіеўская — гамяльчанка, маці дваіх дзяцей, якая не змагла застацца ў баку ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Жанчына наведвала пратэсныя маршы і жаночыя акцыі салідарнасці. Цяпер Аксана засталася без працы, пабывала ў ІЧУ і вымушаная з’ехаць з краіны.
![Фота «Белсат» Фота «Белсат»](/img/v1/images/aksana_lihadzieuskaya.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота «Белсат»
Пачакун
Разам з сяброўкай Наталляй Глазковай яны прыдумалі ды стварылі беларускага Пачакуна — сімвал чакання скону беларускай дыктатуры. Ляльку з плакатамі паспелі заўважыць і ўпадабаць шмат якія гамельчанеі. Не спадабалася яна толькі праваахоўным органам, якія пачалі ціск на жанчын, распавядае «Белсат».
«Аказалася, што за намі сачылі, — распавядае Аксана. — Затрымалі разам з гэтай лялькай і павезлі ў РАУС. Я прасіла, каб нас не «закрывалі», абяцала выдаліць фатаграфіі, але ўсё адно, нягледзячы на наяўнасць дзяцей, мяне і сяброўку пасадзілі ў ІЧУ да суда. А да гэтага ў міліцыі мне адразу сказалі: «Ды не перажывай, заўтра будзе суд — у цябе будзе 25 базавых, а ў Наталлі — 30». Напэўна, нічога дзіўнага, што так і было».
Аксану і Наталлю адпусцілі са штрафамі на наступны дзень, канфіскаваўшы Пачакуна, фотаапарат і мабільныя тэлефоны. Для Аксаны гэта было не першае затрыманне: жанчыну ўжо змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання і штрафавалі за «кармленне галубоў у адзенні палітычных колераў».
«Першы раз мяне затрымалі за кармленне галубоў у скверы, — згадвае Аксана Ліхадзіеўская. — За тое, што на нас былі чырвоныя курткі ды белыя красоўкі. Міліцыянты вывернулі нашыя торбы ў пошуках бел-чырвона-белай сімволікі — але ў нас не было нічога. Потым завезлі ў РАУС, дзе пратрымалі чатыры гадзіны. Але яно таго вартае, бо калі нас адпусцілі, я ўбачыла, што каля РАУСу сабралася шмат людзей, валанцёраў, якія хацелі нас падтрымаць. Гэта было неверагодна!»
![Пачакун. Фота «Белсат» Пачакун. Фота «Белсат»](/img/v1/images/photo_2020_12_21_18_18_18.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пачакун. Фота «Белсат»
Забралі ў РАУС разам з хворым дзіцем
Аксана кажа, што з таго часу міліцыянты заўважылі яе і пачалі пільна назіраць за жанчынай і яе сям’ёй.
«У нашым раённым чаціку абмяркоўвалася сустрэча каля стэлы «Гомель». Людзі прапаноўвалі прыйсці ды пафатаграфавацца з нацыянальнымі сцягамі. Але на гэтую сустрэчу я не трапіла, бо была на працы, дарогаю з якой вырашыла прайсці міма той самай стэлы. Сустрэла суседку, якая папрасіла сфатаграфаваць яе на фоне стэлы. Я з вялікім задавальненнем гэта зрабіла — і рабіла б яшчэ тысячу разоў, бо не бачу тут складу злачынства. Праз пару дзён па мяне прыехалі».
Міліцыянты прыйшлі да Аксаны дадому ў той момант, калі яна была на бальнічным з малодшым дзіцем. Аксана кажа, што разам з хворым дзіцёнкам яе і забралі ў РАУС.
«Апека не хацела ехаць у гэты РАУС, бо я чула, як па той бок тэлефона крычала жанчына: «Яна на бальнічным. Вы там здурнелі?! Вырашайце самі свае праблемы», — прыгадвае падзеі таго дня Аксана. — У выніку дзіця звезлі, а мяне пасадзілі на трое сутак да нядзелі. Страшна было толькі першыя суткі, а потым прыйшло асэнсаванне, за што я сяджу і якая я малайчына. У двары я спявала палітычныя песні, і ўвесь ІЧУ крычаў мне: «Жыве Беларусь!» Таму я сабой ганаруся, і мне не сорамна, што я там адседзела. Я зразумела, што ў іх асноўная мэта — нас зламіць. Але мяне яны гэтым зрабілі толькі мацнейшай, бо калі я выйшла — крычала «Жыве Беларусь!» Муж кажа: сядай хутчэй у машыну, а то яшчэ раз забяруць. Але мне было ўжо не страшна».
![Дзеці Аксаны Ліхадзіеўскай. Фота «Белсат» Дзеці Аксаны Ліхадзіеўскай. Фота «Белсат»](/img/v1/images/dzetsi_aksany.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дзеці Аксаны Ліхадзіеўскай. Фота «Белсат»
«Узяла паперу і асадку, са згоды бакоў цябе задаволіць?»
Пасля трох сутак у ІЧУ Аксана вярнулася на працу і, ведаючы, што наперадзе ў яе суд, папрасілася ў адпачынак, каб не падстаўляць калегаў.
«Я год не была ў адпачынку, — распавядае Аксана. — Але ў гэтай просьбе мне было адмоўлена. Больш за тое, мяне звольнілі, прычым вельмі непрыгожа. Прыехаў дырэктар і павышаным тонам казаў: «Узяла паперу і асадку, са згоды бакоў цябе задаволіць?» Я наогул не зразумела, што адбылося, і нават засмуціцца не паспела».
Але на гэтым, са словаў Аксаны, ціск толькі пачаў набіраць абароты: жанчыне сталі пагражаць крымінальнай справай, дзяцей у школах паставілі на асаблівы кантроль, а на доме, дзе жыве сям’я, нехта развесіў паклёпніцкія ўлёткі.
«Калі знаёмыя ўбачылі маё фота на ўлётцы і ў адным з паклёпніцкіх тэлеграм-каналаў — то пачалі тэлефанаваць і пісаць словы падтрымкі. Мне здаецца, што напісала палова Гомеля, бо там выклалі нумар тэлефона. І я не пачула ніводнага кепскага слова».
«Я паехала афармляць дакументы на выезд да натарыуса, і мяне затрымалі наўпрост у натарыяльнай канторы»
Страціўшы працу і адчуваючы небяспеку, Аксана вырашыла з’ехаць з краіны. Жанчына пачала афармляць паперы для выезду, і чарговы раз яе затрымалі наўпрост на прыёме ў натарыуса.
«Я паехала афармляць дакументы на выезд да натарыуса, і мяне затрымалі проста ў натарыяльнай канторы, — распавядае Аксана. — Мы паехалі ў РАУС, дзе ўрэшце са мной пяць гадзінаў размаўляў супрацоўнік КДБ. У мяне папрасілі тэлефон і знайшлі там некалькі фотаздымкаў з бчб-сімволікай, зробленыя за горадам. Пачаліся пытанні: «Навошта вы гэта выкладваеце», бо адзін з гэтых здымкаў быў выкладзены ў тэлеграм-суполцы. На мяне відавочна хацелі павесіць усе акцыі, якія адбываліся ў раёне. А калі гэта не я — то я павінна расказаць, хто гэта. У выніку, калі я сказала, што нічога не ведаю, яны адказалі, што тэхніку, канфіскаваную напярэдадні падчас ператрусу, будуць глядзець вельмі доўга. Варта адзначыць, што забралі нават дзіцячыя планшэты, і ніякіх папераў пра выманне мне не выдалі».
На момант публікацыі артыкулу Аксана Ліхадзіеўская ўжо выехала за мяжу, і цяпер яна ў бяспецы. Жанчына спадзяецца, што ў хуткім часе зможа вярнуцца на радзіму.
«Адчуванні, калі шчыра, не вельмі. Але я дакладна ведаю, што праз некаторы час я вярнуся — і наўрад ці буду сядзець на месцы. А гэты перыяд трэба проста перажыць, бо для таго, каб некуды прыйсці, – трэба ісці».