Аўтар песні «Куды бацька — туды я», спартыўны функцыянер з Віцебска — у міжнародным вышуку

Віцебскі шансанье і спартыўны функцыянер Ілля Смунеў абвешчаны ў міжнародны вышук у сувязі з крымінальнай справай.

ilya_smuniov.jpg


Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на «Народныя навіны Віцебска».

Для пацверджання інфармацыі пра тое, што вядомы ў Віцебску спявак Ілля Смунеў нібыта хаваецца ад следства пасля допыту па справе іншага віцебскага чыноўніка, «ННВ» адправілі запыт у Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі. З ведамства прыйшоў адказ, што 44-гадовы грамадзянін Беларусі ўраджэнец Віцебска Ілля Мікалаевіч Смунёў сапраўды знаходзіцца ў вышуку па крымінальным артыкуле.

З 2011 года Ілля Смунёў узначальваў Віцебскі цэнтральны спартыўны комплекс. Затым ён стаў дырэктарам Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту, на гэтай пасадзе ў яго і пачаліся праблемы.

У горадзе Смунёў больш за ўсё вядомы як аўтар песні «Віцебск», якая ў свой час часта круцілася на мясцовых прыватных тэлеканалах. Пачатак творчай кар’еры Іллі Смунёва было звязана з так званай «блатной лірыкай».

Пазней у яго рэпертуары з’явіліся песні, прысвечаныя патрульна-паставой службе міліцыі і працы следчых. Апафеозам творчасці віцебскага шансанье стаў кліп «Куды бацька — туды я», створаны ім у 2015 годзе падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў.