Бацькі студэнтаў-платнікаў БДУІР пагражаюць перастаць аплачваць навучанне

Бацькі студэнтаў БДУІР выступілі са зваротам да кіраўніцтва ўніверсітэту ў сувязі з напружанай сітуацыяй у навучальнай установе. Бацькі занепакоеныя пагрозамі адлічэння студэнтаў, пытаннямі захавання правоў і свабод студэнтаў, звальнення выкладчыкаў.

ПАкцыя студэнтаў БДУІР. Фота t.me/studenty2020

ПАкцыя студэнтаў БДУІР. Фота t.me/studenty2020


Бацькі пішуць, што іх дзеці паступалі ў БДУІР, таму што гэта вядучая ВНУ, якая магла гарантаваць высокія тэхналогіі навучання і вялікія перспектывы для выпускнікоў у будучыні, адзначае REFORM.by.

«Сёння ж мы бачым пераслед студэнтаў і выкладчыкаў за выказванне грамадзянскай пазіцыі, незаконныя затрыманні студэнтаў на тэрыторыі навучальных карпусоў невядомымі асобамі ў масках, звальненне лепшых спецыялістаў, перашкоды свабодна перасоўвацца па ўніверсітэце», — гаворыцца ў звароце.

«За навучанне дзяцей мы плацім немалыя грошы, а таму маем права патрабаваць якаснай адукацыі» — заяўляюць бацькі. Яны кажуць, што некаторыя студэнты гатовыя забраць з універсітэта дакументы, а некаторыя думаюць над пераездам у іншую краіну.

Бацькі студэнтаў патрабуюць абараніць выкладчыкаў і забяспечыць умовы для іх прафесійнай дзейнасці, «спыніць звальняць і пераследваць выкладчыкаў, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, у тым ліку тых, хто падпісаўся супраць адлічэння студэнтаў, падаць спісы выкладчыкаў, якія былі звольненыя з пачатку года і даць інфармацыю пра прычыны звальнення».

Таксама патрабуецца стварыць бяспечныя ўмовы для навучання (у прыватнасці — «забараніўшы знаходзіцца на тэрыторыі ўніверсітэта невядомым асобам»), спыніць пераслед студэнтаў за іх погляды, «якія не супадаюць з вашымі».

Бацькі студэнтаў папярэджваюць, што не будуць аплачваць навучанне сваіх дзяцей, калі кіраўніцтва ўніверсітэта не забяспечыць якасны адукацыйны працэс.

«15 лістапада надыходзіць наступны тэрмін аплаты за навучанне, таму просім Вас даць нам пісьмовы адказ на наш зварот да 13 лістапада 2020 года, як прадугледжваецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Калі кіраўніцтва ўніверсітэта не забяспечвае якаснага адукацыйнага працэсу, то бацькі як плацельшчыкі лічаць, што маюць права не аплачваць такія паслугі» — гаворыцца ў заяве.

Калі патрабаванні не будуць выкананыя, бацькі гатовыя выкарыстоўваць іншыя законныя сродкі для скасавання загадаў аб звальненні выкладчыкаў, а таксама гатовыя дамагацца змены кіраўніцтва навучальнай установы.

Зварот ужо падпісалі 130 чалавек. Збор подпісаў працягваецца.