Баранавіцкія праваабаронцы і актывісты павіншавалі бацьку Статкевіча са святамі і Аўтуховіча з юбілеем
Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты 7 студзеня накіравалі віншавальную тэлеграму Мікалаю Аўтуховічу з нагоды яго 50-годдзя. Тэлеграму падпісалі Сяргей Гоўша, Анжаліка Камбалава, Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца, Віктар Мезяк, Рыгор Грык.
— Найперш мы пажадалі Мікалаю Аўтуховічу моцнага здароўя і найхутчэйшага вызвалення, цвёрдасці духа і веры, выказалі ўпэўненасць, што ўсе цяжкасці і выпрабаванні будуць непазбежна пераадолены, — паведаміў Віктар Сырыца.
Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты заверылі Мікалая Аўтуховіча, што яго высокія маральныя прынцыпы і мужная грамадзянская пазіцыя стала для ўсіх сумленных людзей прыкладам ў паўсядзённым асабістым і грамадска-палітычным жыцці.
У гэты ж дзень, 7 студзеня, баранавіцкія грамадскія актывісты і праваабаронцы наведалі і павіншавалі Статкевіча Віктара Паўлавіча з нараджэннем Хрыстовым і Калядамі. Нягледзячы на пагаршэнне здароўя, Статкевіч-старэйшы быў вельмі рады і гасцінна сустрэў наведвальнікаў у сваёй хаце.
— Віктар Паўлавіч шчыра моліцца за найхутчэйшага вызвалення ўсіх палітвязняў, асабліва сына Мікалая. Гэтымі надзеямі ён сёння толькі і жыве. Таму мы стараемся яго маральна падтрымаць і падбадзёрыць, — паведаміла Анжаліка Камбалава.
За кубачкам гарбаты гаварылі пра сённяшняе нялёгкае жыццё, рост коштаў і магчымае вызваленне палітвязняў у 2013 годзе. Развіталіся з пажаданнямі здароўя і надзеяй на Бога і добрых людзей.