Беларус сыграў Хрыста падчас Крыжовага шляху з удзелам Папы Францішка
Беларускі танцор Максім Вайцюль выканаў ролю Езуса Хрыста ў першым прыпынку Крыжовага шляху, які з удзелам Папы Францішка і ўдзельнікаў СДМ прайшоў у кракаўскіх Блонях.
![На фота: удзельнікі Крыжовага шляху з Пантыфікам. Фота з трансляцыі на вялікім экране На фота: удзельнікі Крыжовага шляху з Пантыфікам. Фота з трансляцыі на вялікім экране](/img/v1/userfiles/images/2016_07_30_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На фота: удзельнікі Крыжовага шляху з Пантыфікам. Фота з трансляцыі на вялікім экране
Крыжовы шлях быў пабудаваны ў форме эклектычнай пастаноўкі, якая, паводле арганізатараў, была не толькі апошняй дарогай Хрыста, але і прадстаўляла яе як дарогу Міласэрнасці.
14 прыпынкаў былі спалучаны з учынкамі міласэрнасці для душы і для цела, распавядаючы пра праблемы сучаснай моладзі: беднасць, голад, цярпенне, вызваленне ад граху, адзінота і інш.
Галоўную ролю ў першым прыпынку («Езус асуджаны на смерць») выканаў беларус Максім Вайцюль – выпускнік дзяржаўнай балетнай школы ў Мінску, а сёння – першы саліст Народнага балета Польшчы і ўладальнік тэатральнай музычнай узнагароды імя Яна Кіпюры як лепшы танцор у Польшчы.
У працоўным багажы Максіма Вайцюля — партыі ў такіх балетах, як «Рамэо і Джульета», «Лебядзінае возера», «Ганна Карэніна», «Спячая каралеўна», «Жызель», «Чыпаліна», «Тры мушкецёры» і інш.
Танцавальнае майстэрства беларуса змог ацаніць не толькі сам Папа Рымскі, але і каля 800 тысяч сабраных у Блонях удзельнікаў СДМ.
Паводле catholic.by