Беларусь трапіла ў дзясятку краін з самым нізкім рэйтынгам свабоды СМІ
У рэйтынгу свабоды СМІ, які склаў Амерыканскі інстытут даследавання сацыяльнай думкі (Інстытут Гэлапа), Беларусь займае 9-е месца знізу. Агулам у спіс увайшла 131 дзяржава свету.
Горш за Беларусь справы ў незалежных СМІ ідуць толькі ў Рэспубліцы Конга, Емене, Венесуэле, Украіне, Габоне, Паўднёвым Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Маўрытаніі. Дарэчы, Расію амерыканскія навукоўцы ў спіс краін з нізкім узроўнем свабоды СМІ не ўключылі.
У рэйтынгу даверу да СМІ першыя месцы займаюць еўрапейскія краіны. Больш чым 90% жыхароў Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Нідэрландаў, Ірландыі ды Швецыі мяркуюць, што іх СМІ маюць шмат свабоды. У ЗША ў незалежнасць СМІ вераць 82% рэспандэнтаў.
Вынікі рэйтынгу заснаваныя на тэлефонных апытаннях і інтэрв'ю «твар у твар». У кожнай краіне былі апытаныя прыкладна 1000 дарослых ва ўзросце ад 15 гадоў і старэйшых.
Паводле Еўрарадыё