Беларускамоўная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk пройдзе 19 верасня анлайн на відэасэрвісе VOKA
Інтэлектуальная канферэнцыя для моладзі TEDxYouth@Minsk пройдзе ў анлайн-фармаце 19 верасня на відэасэрвісе VOKA у вольным доступе. Свае ідэі і праекты ў сферы тэхналогій, экалогіі, інклюзіі і культуры прадставяць 10 старшакласнікаў і першакурснікаў з усёй краіны. Усе спікеры будуць выступаць па-беларуску. Каб стаць удзельнікам анлайн-мерапрыемства, неабходна зарэгістравацца.
Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk з’яўляецца часткай сусветнага руху TEDx у нашай краіне і адбудзецца ў Беларусі ўжо ў другі раз пры падтрымцы праекта «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў праекта «Першыя» – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.
Спікеры TEDxYouth@Minsk раскажуць пра свае ідэі ў кірунках тэхналогій, культуры, інклюзіі і экалогіі. Яны выйдуць у знакаміты чырвоны круг з 10-хвіліннай прамовай, якую рыхтуюць разам з ментарамі – прадстаўнікамі беларускай супольнасці TEDxMinsk. На анлайн-канферэнцыі збяруцца прадстаўнікі кожнага рэгіёна Беларусі.
Дзяніс Рабчук з Брэста разам камандай робіць паэтычныя муралы. Ужо некалькі дзясяткаў вершаў беларускіх класікаў з'явіліся на вуліцах Брэста, а зараз хлопец плануе пашырыць свой праект і на іншыя гарады Беларусі.
Ангеліна Себік з Гомеля прапанавала зрабіць серыю майстар-класаў для падлеткаў ад беларускамоўных блогераў: як стварыць і развіць свой Instagram ці Tik-Tok, колькі часу траціць на прасоўванне, як ствараць кантэнт па-беларуску.
Павел Ананіч з Магілёва прапануе вяртаць нашым старажытным гарадам страчаныя архітэктурныя шэдэўры з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці.
Канстанцін Муліца з Іўя ўпэўнены, што нашы думкі рэгулююць наша жыццё. І знайшоў гэтаму навуковое абгрунтаванне.
Вікторыя Сідарэнка з Гомеля распачала цэлы стартап па вырабе аднаразовага посуду з распаўсюджаных у Беларусі прыродных матэрыялаў і раскажа пра сваё бачанне паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў краіне.
Кацярына Янголь з Крэва раскажа, як экалогія яе роднага мястэчка звязана з Балтыйскім морам: у планах Кацярыны і яе аднадумцаў – ачысціць бераг мясцовай рачулкі, пабудаваць драўляны памост і праводзіць там танцавальныя майстар-класы пад жывую музыку.
Настасся Кундзір з Віцебска распрацавала інтэрактыўны сэрвіс, які дапаможа скласці індывідуальны маршрут па музеях на аснове зацікаўленасцяў кожнага.
Самуіл Алексін з Мінска прапануе варыянт пераходу ад інфармацыйнай пісьменнасці да робататэхнічнай, якая становіцца неад’емнай часткай нашага жыцця, раскажа, і нават прадэманструе незвычайныя рабатызаваныя прылады.
Лізавета Грынюк са Слуцка ўсяго за тры крокі ад iдэi да рэальнасцi пераасэнсавала навуковую спадчыну Ніколы Тэслы. Яна распрацавала канцэпт універсальнай канструкцыі бесправадной зарадкі і прапаноўвае нам свой досвед у пытанні самаматывацыі падчас рэалізацыі асабістай задумкі.
Соф'я Федчанка з Мінска прапануе ўсталяваць спецыяльныя прылады ў вучэбных класах, каб дзеці з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы маглі пазбегнуць ізаляцыі і наведваць заняткі ў звычайных школах.
Прамая бясплатная трансляцыя канферэнцыі TEDxYouth@Minsk пачнецца 19 верасня ў 13:00. Далучыцца да трансляцыі можна на сайце voka.tv і ў дадатку VOKA з любой кропкі Беларусі і свету.
Пра праект «Першыя»
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, абвешчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырох тэматычных кірунках – «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура», а таксама бралі ўдзел у крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне. Спецыяльна для канкурсантаў быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў. Праект праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk.
Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце www.generation.A1.by.