Беларускія гісторыкі выкрываюць хлусню Даніловіча

Гісторык Алесь Смалянчук на сваёй старонцы ў фэйсбуку падрабязна расказаў пра бел-чырвона-белы сцяг. 

Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

«Дырэктар Даніловіч хлусіць», — напісаў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. Прыводзім яго тлумачэнне цалкам.
«У этэры першай праграмы БТ 20 жніўня 2020 года выступіў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Вячаслаў Даніловіч у якасці эксперта па бела-чырвона-беламу сцягу.
У гэтым выступе кандыдат гістарычных навук Даніловіч прапанаваў “задумацца” над сімволікай бела-чырвона-белага сцяга і асудзіў беларускую грамадзянскую супольнасць за яго выкарыстанне ў пратэстах. У якасці аргумента была агучаная замшэлая дэмагагічная тэза пра ўжыванне гэтага сцяга беларускімі калабарантамі ў часы нямецкай акупацыі.
Між тым добра вядома (і не толькі гісторыкам), што бел-чырвона-белы сцяг здаўна прысутны ў беларускай гісторыі і з’яўляецца непадважальнай нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасцю беларускага народа. Нацыянальныя сцягі падчас Другой святовай вайны ўжываліся калабарантамі ўсіх краінаў, акупаваных гітлераўскай Германіяй. У тым ліку расійскімі – пад афіцыйным сімвалам сучаснай Расіі бела-сіне-чырвоным сцягам на баку Гітлера ваявалі сотні тысяч расійцаў.
Выкарыстанне нацыянальнага сцяга якімі-небудзь варожымі сіламі не прыводзіць да ягонай дэвальвацыі. Бела-чырвона-белы сцяг, пад якім у жніўні 2020 г. праходзіць мірная беларуская рэвалюцыя, не можа быць скампраметаваны нават тым, што пад ім прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь – сённяшні дыктатар Аляксандр Лукашэнка.
У вырашальны момант гісторыі краіны кожны грамадзянін вымушаны выбіраць – на чыім баку яму стаць. Спадар Вячаслаў Даніловіч выбраў бок антыбеларускай дыктатуры і выкарыстаў у яе абарону сваю афіцыйную пазіцыю дырэктара акадэмічнай установы.
Гэты антынавуковы і антымаральны чын паставіў яго па-за межамі не толькі беларускай грамадзянскай, але і навуковай супольнасці».


Пад словамі Смалянчука падпісаліся іншыя вядомыя беларускія гісторыкі:
Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук (Гродна) Генадзь Сагановіч, доктар габілітаваны (Мінск)
Алег Яноўскі, доктар гістарычных навук (Мінск) Святлана Марозава, доктар гістарычных навук (Гродна) Тадэвуш Гавін, доктар габілітаваны (Гродна) Ганна Энгелькінг, доктар габілітаваны (Варшава) Юры Гардзееў, доктар габілітаваны (Кракаў) Ольга Ковалевська, доктар гістарычных навук (Кіеў) Dr Русціс Камунтавічус (Коўна) Андрэй Янушкевіч, кандыдат гістарычных навук (Мінск) Уладзімір Ляхоўскі, кандыдат гістарычных навук (Мінск) Аляксандр Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук (Мінск) Ірына Кашталян, PhD (Мінск) Валянціна Мятліцкая (Лебедзева) (Гомель) Таццяна Касатая, PhD (Гродна) Олена Кондратюк, кандыдат гістарычных навук (Кіеў) Вольга Зубко, кандыдат гістарычных навук (Вінніца) Анатоль Вялікі, кандыдат гістарычных навук (Мінск) Андрэй Кіштымаў, кандыдат гістарычных навук (Мінск) Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук (Гродна) Аляксандр Пагарэлы, магістр гісторыі (Гродна) Аляксандр Петухоў, магістр гістарычных навук (Магілёў) Марат Гаравы, краязнаўца (Кобрын)