Беларускія «кібер-партызаны» апублікавалі свой план перамогі

Тэлеграм-канал «Кибер-партизаны» апублікаваў уласны план перамогі, у якім «ёсць месца для кожнага беларуса», перадае «Белсат».

img_3468_2_logo_1.jpg

У прыватнасці, план прадугледжвае ў «Момант Х» запуск «мноства акцый, накіраваных на ліквідацыю фашысцкага рэжыму». Дакладная дата застанецца невядомай да самога «Моманту Х», які прызначаецца, «зыходзячы з неабходнай ступені гатоўнасці партызанскіх арганізацый і ўсёй пратэставай супольнасці». Перад гэтым будзе абвешчаная «Фаза Х» — часавы адрэзак, «у любым пункце якога можа быць абвешчаны "Момант Х" і які "ўвядзе рэжым у наймацнейшы стрэс і, у выніку, яго выматае"».
«Тэрарысты ва ўладзе не змогуць бестэрмінова ўтрымліваць усю сістэму ў стане поўнай гатоўнасці. Невядомая паводле працягласці «Фаза Х» ператоміць рэжым, канцэнтрацыя будзе слабець, хуткасць рэакцыі — зніжацца. Адначасова з гэтым пройдзе шэраг спланаваных намі мерапрыемстваў, якія прывядуць да незваротных наступстваў для рэжыму», — гаворыцца ў плане.
«Кібер-партызаны» рыхтуюць мноства камп’ютарных атак на інфраструктуру дзейных улад, дадатак, які здольны паралізаваць унутраныя сеткі, мабілізацыю партызанскай супольнасці з дапамогай Мапы ўразлівых кропак і забеспячэнне бяспекі мірных шэсцяў.
«Каб пазбегнуць вонкавых умяшанняў, з якога-небудзь боку, неабходна сфармаваць палітычны суб’ект, здольны неадкладна прыняць часовую ўладу з моманту перамогі і да новых, свабодных і дэмакратычных выбараў. Мы апалітычныя, таму заклікаем усіх палітычных лідараў 97% абʼяднацца з мэтай фармавання вышэйназванага субʼекта», — гаворыцца ў заяве.
Як адзначаюць «кібер-партызаны», «Момант Х» не наступіць да 9 траўня.