Беларускія праваабаронцы накіравалі ў АБСЕ даклад пра парушэнні правоў у поствыбарчы перыяд
Праваабарончая кааліцыя падрыхтавала і даслала дакладчыку, прызначанаму ў рамках Маскоўскага механізма АБСЕ, даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі ў поствыбарчы перыяд.
Праваабаронцы засяродзіліся на наступных тэмах: парушэнне права на жыццё, катаванні, гвалт, жорскія абыходжанні, адвольныя затрыманні, ціск на журналістаў, сітуацыя з адвакатамі і парушэнні правоў дзяцей. У падрыхтоўцы даклада прымалі ўдзел Праваабарончы цэнтр “Вясна”, РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у партнёрстве з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT) і FIDH.
Маскоўскі механізм дае краінам АБСЕ прававую магчымасць фарміраваць спецыяльныя місіі з ліку незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў краінах АБСЕ. Яны бесстаронне вывучаюць сітуацыю і прапануюць канкрэтныя рэкамендацыі па вырашэнні праблемы. Яго могуць ініцыяваць як мінімум 10 краін АБСЕ, праз сур’ёзнасць сітуацыі – нават без згоды (запыту) краіны, якой гэта датычыцца.
У дачыненні да Беларусі Маскоўскі механізм ужо ўжываўся ў сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады Беларусь адмовілася супрацоўнічаць з місіяй і не дазволіла кіраўніку наведаць краіну, але даклад місіі паўплываў на праняцце рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН 17/24, якая ў выніку прывяла да заснавання пасады спецдакладчыка ААН па Беларусі ў 2012 годзе.
spring96.org