«Баялася, што пачнуць заломваць рукі на вачах у дзяцей»
Адной з
затрыманых на нядзельным маршы 4 кастрычника стала фатографка «БелГазеты» Дар’я Сапранецкая. Пратое, што адбылося, Дар'я распавяла Радыё Свабода.
«Я яшчэ нічога не паспела зняць, была непадалёк ад «Галерэі Менск» у натоўпе, дзе нічога не адбывалася. Назірала. Паздымала выступ хору. А потым людзі пабеглі, іх пачалі хапаць. Я блізка не падыходзіла, тэлевіком здымала. Падышоў супрацоўнік міліцыі. Спачатку сказаў адысці, а потым папрасіў паказаць пасведчанне. Пакуль я яго даставала, ён мяне ўжо адвёў у бок аўтазака. Там яны ў мяне забралі тэлефон, абмяркоўвалі па рацыях, ці "браць „БелГазету“. Пасадзілі ў аўтазак і павезлі».
Дар’я працуе журналістам не першы год, на паслявыбарных пратэстах у якасці фатографа і аператара прысутнічае рэгулярна. Затрымлівалі яе ўпершыню, яна кажа, што гэта для яе стала нечаканасцю. Пасля затрымання Дар’ю адвезлі ў РУУС, адкуль адпусцілі праз некалькі гадзін без складання пратаколу.
«Муж са свякроўю былі ў шоку»
Гісторыя нечакана працягнулася праз некалькі гадзін, увечары, дома ў фатографкі. Спачатку ёй пазванілі з РУУС і настойліва прапанавалі вярнуцца для невядомых дадатковых следчых дзеянняў. А калі яна адмовілася гэта зрабіць і папрасіла даслаць позву, то праз нейкі час пачула звон і стук у дзверы, а ў вочка пабачыла людзей у балаклавах з надпісамі «АМАП» на форме.
«Муж са свякроўю былі ў шоку, — кажа Дар’я. — Мы ўсе былі ў шоку. Таму што гэтыя „маскі-шоў“ дома... Мы дзецям патлумачылі, што вось, да нас прыйшлі, але мы не адчыняем. Дзеці былі ў іншым пакоі. Яны не вельмі разумелі, што адбываецца. Я баялася, што калі адчыню дзверы, мяне могуць затрымаць проста на вачах дзяцей, будуць заломваць рукі. Гэта было б стрэсам для дзяцей».
Старэйшаму сыну Дар’і 4 з паловай гады. Дачцэ — 1 год і 3 месяцы.
Дзвярэй фатографка амапаўцам не адчыніла, замест гэтага пачала стрым у свой фэйсбук. Пасля гэтага людзі ў балаклавах сышлі, другі раз супрацоўнікі міліцыі прыйшлі бяз масак, паказвалі пасведчанне праз вочка. Пасля чарговай адмовы адчыніць дзверы пакінулі пад імі позву. У РУУС Дар’я паехала 5 кастрычніка сама, з адвакатам.
«Запісалі мае тлумачэнні, я паразмаўляла з Ганусевіч (Натальля Ганусевіч, супрацоўніца прэс-службы УУС Менгарвыканкаму. — РС), і мяне адпусцілі, — кажа Дар’я. — Яна распытвала пра абставіны затрымання. Выбачалася за тое, што я была затрыманая, што мне прыйшлося праз гэта прайсці. Сказала, што зараз трэба абавязкова прыходзіць на так званы інструктаж міліцыі, куды збіраюць журналістаў перад кожнай акцыяй. Неяк так гэта называецца. Ганусевіч запісала мой нумар тэлефона. Увогуле ўчора інструктаж быў а 13 гадзіне прыкладна, я ў гэты час была дома яшчэ».
«Калі б нехта з журналістаў паехаў у РУУС, то мог бы быць ужо асуджаны»
Па словах Сапранецкай, адміністратыўная справа ў дачыненні да яе не заведзеная. А супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што да гэтага не дойдзе.
«Наталля Ганусевіч сказала мне, што пратакол аб адміністратыўным парушэнні складацца ня будзе, — кажа фатографка. — Але я давала тлумачэнні. Як мне ўдакладніў адвакат, гэта неабходная для складання пратаколу працэдура. І можа быць рашэнне аб спыненні працэсу, альбо аб складанні пратаколу і яго перадачы ў суд. Супрацоўнік, які запісваў мае тлумачэнні, сказаў, што цягам 10 дзён мне прыйдзе паведамленне аб спыненні адміністратыўнага працэсу».
Адказ аб пачатку адміністратыўнай справы альбо аб адмове ад яе павінен прыйсці Дар’і Сапранецкай на працягу 10 дзён. Тое самае тычыцца і іншых журналістаў, якія трапілі 4 кастрычніка ў падобную гісторыю — Алега Шапелюка з выдання «Белорусы и рынок», а таксама Аляксандра Уладыкі з Onliner.
«Журналістаў беспадстаўна затрымалі, — камэнтуе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Пры тым, што журналісты выконвалі ўсе законам прадугледжаныя патрабаванні. Нягледзячы на тое, што журналісты былі адпушчаныя, увечары да некаторых з іх прыйшлі дадому супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Так было не толькі ў Менску, у рэгіёнах таксама. Прыехалі дадому, патрабавалі праехаць у РУУС. Магчыма, каб нехта з журналістаў туды паехаў, то ўжо быў бы асуджаны. Гэтыя справы яшчэ ня скончаныя, яны толькі пачаліся. Нельга сказаць, што калі пратакол сёння ня быў складзены, то ўжо ўсё. Цалкам магчыма, што на падставе тлумачэнняў журналістаў супраць іх будуць складзеныя пратаколы, якія потым дойдуць да суду».