Пенсіянерам падрыхтавацца! Улады хочуць змяніць спосаб выплаты пенсій

Саўмін задумаў новаўвядзенні.

_pensijanery___stalasc___uzrost___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Новаўвядзенні, якія Саўмін вырашыў унесці ў закон аб пенсійным забеспячэнні, прадугледжваюць іншую схему выплаты пенсій: беларусы, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, будуць абмежаваны ў магчымасці самім выбіраць, дзе менавіта атрымліваць грошы, што мусіць ім плаціць дзяржава, паведамляе Myfin.

Урадам на разгляд Палаты прадстаўнікоў прапанаваны праект змяненняў закона па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання — яго тэкст з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Акрамя іншага, у дакуменце прадугледжваецца перапрацоўка закона «Аб пенсійным забеспячэнні»:  у прыватнасці, прапануецца замацаваць палажэнне аб выплаце ўсіх пенсій праз банкі.

Сёння пенсіянеры могуць выбіраць, дзе атрымліваць належныя ім сродкі: у банках, паштовых аддзяленнях альбо ў арганізацыях, занятых дастаўкай пенсій.

У выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашнім выглядзе права выбару пакінуць толькі для некаторых катэгорый пенсіянераў, а менавіта:

  • тых, якія дасягнулі 70 гадоў і пражываюць у Мінску, абласных або раённых цэнтрах;
  • тых, якія дасягнулі 65 гадоў і пражываюць у астатніх населеных пунктах краіны;
  • інвалідаў I і II групы.

Зрэшты, пакуль невядома, калі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пачнецца разгляд гэтага законапраекта.