«Беларусы, лэтс май піпл гоў»

Каму бракуе матывацыі і аптымізму? Спадзяемся, гэты пост Ганны Севярынец у фэйсбуку вам дапаможа. 

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Госпад: Ну, дзеці мае... Я вамі давольны. Трыста дзён — а мы з вамі праграму за трыста год прайшлі. Сцяг - ёсць (ставіць алоўкам птушачку). Песні — нармальна (птушачка). Мова... Ладна, пакуль авансам (зноў чыркае алоўкам). Жанчына і яе роля ў грамадстве — выдатна. Самакіраванне і ўзаемадапамога — дзесяць з плюсам. Гарызантальныя сувязі... Ат, ну і праграма ў нас цяпер, універсітэцкая, далібог, сам шчэ блага ведаю, і тут малайцы. Залік. Партызаншчыну абагульнілі, сталіншчыну паўтарылі, залік. Ну што ж... (Адкрывае апошнюю старонку, узнімае аловак)
Беларусы: Госпадзе... Няўжо...
Госпад (хлопае рукой па ілбе): А! Ледзь не забыўся! Аб'юз, харасмэнт, хайп, фэйкі...
Беларусы: Госпадзе, гэта было, было! Кантрольную пісалі, памятаеш?!
Госпад: А? А! І праўда, пісалі. Ага, бачу калоначку. Ну тады вы зусім малайцы (зноў адгортвае апошнюю старонку)
Беларусы (аціраюць слёзы і крывавы пот): Ну? Ну, Госпадзе, давай жа!
Госпад: Та-а-ак.. Курапаты цяпер усе ведаюць?
Беларусы: Усе!
Госпад: Купалу ад Коласа ўсе адрозніваюць?
Беларусы: Івана Дамінікавіча Луцэвіча ад Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча - усе! Госпадзе, ну хопіць ужо! Мы ўжо і Бабарэку ад Бабарыкі адрозніваем!
Госпад: Ай, малайчынкі! Што ж рабіць з вамі, шкада адпускаць вучняў такіх. А! Успомніў! Ледзь не забыўся! Як мы вучыліся любіць героеў — памятаю, а шчэ хацеў вас навучыць любіць і не-герояў ..
Беларусы (крыкам): Умеем! Умеем! Госпадзе, не цягні!
Госпад: ну, добра, дзеці мае любыя. Сапраўды, трэба ўжо адпускаць вас. Як той казаў, лэтс май піпл гоў. От гэтыя яшчэ вучні былі. Харошы клас, не горшы за вас. Добра тады (адкрывае апошнюю старонку, заносіць над ёй аловак, каб ставіць кропку) А! Дарэчы! Апошняе!
Беларусы (хапаючыся за галаву): бо-о-о-о-ожа....