«Белыя Халаты. Беларускія медыкі ствараюць сваё незалежнае аб'яднанне
Ініцыятыўная група руху «Белыя Халаты» разам з юрыстамі
падрыхтавала дакументы для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання
супрацоўнікаў аховы здароўя, паведаміў рух у Тэлеграме.
Мэта аб’яднання — забеспячэнне законнай, бяспечнай, прафесійнай дзейнасці супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя.
Сярод яго задачаў:
- Абарона медработнікаў (прававая і юрыдычная), дапамога ім пры працаўладкаванні, абарона інтарэсаў медычных арганізацый любой формы ўласнасці.
- Супрацоўніцтва з міжнароднымі медычнымі арганізацыямі і асацыяцыямі па правядзенні / арганізацыі навучання / майстар-класаў / трэнінгаў медработнікаў.
- Удзел у распрацоўцы / забеспячэнне аднолькавага выканання патрабаванняў заканадаўства ў сферы аховы здароўя на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
- Фармаванне юрыдычных службаў у ахове здароўя, якія будуць абараняць інтарэсы медыкаў пры разборы скаргаў, да суду і ў судзе.
- і інш. (цалкам можна пачытаць тут)
У хуткім часе аб’яднанне плануюць зарэгістраваць. Стаць яго заснавальнікам цяпер прапануюць любому ахвотнаму, хто мае медычную адукацыю або займаецца дзейнасцю, звязанай з аховай здароўя, жыве ў Беларусі і можа цягам трох дзён быць у Мінску для падпісання дакументаў.