БХД будзе гаварыць пра палітвязняў
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) мае намер правесці ў гарадах Беларусі праваабарончыя канферэнцыі ў падтрымку палітвязняў.
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) мае намер правесці ў гарадах Беларусі праваабарончыя канферэнцыі ў падтрымку палітвязняў.
Сустаршыня аргкамітэта, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі паведаміў, што першасная мета — “данесці да людзей, якія непасрэдна адказваюць за ціск на беларускіх палітвязняў, інфармацыю пра тое, што яны будуць несці персанальную адказнасць за тое, што зараз адбываецца, што яны не змогуць прыкрыцца беларускім заканадаўствам, загадамi больш высокага кіраўніцтва. Мяркуецца, што гэтыя канферэнцыі будуць часткай інфармацыйнай кампаніі ў падтрымку палітвязняў.
Першая такая канферэнцыя пройдзе ў Магілёве 17 жніўня. Затым падобныя мерапрыемствы плануецца правесці ў Віцебску і Гродна. “Палова палітвязняў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, таму мы вырашылі пачаць менавіта адтуль, — патлумачыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. — Запросім туды праваабаронцаў, сваякоў палітвязняў, дыпламатаў, журналістаў.
Маці палітвязня Эдуарда Лобава спадарыня Марына падкрэслівае, што галоснасць — галоўная абарона для зняволеных з палітычных прычынаў. “Здзекуюцца з іх у турме, парушаюць законы па ўтрыманню вязняў. Асаблівая ўвага да Мікіты Ліхавіда, які ўвогуле ў жахлівых умовах утрымліваецца. Як я заўважыла, калі такая інфармацыя друкуецца нават у інтэрнэце, то адміністрацыю турмаў гэта спыняе. Галоснасці яны баяцца, —зазначае Марына Лобава.
Каментуючы арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага, Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што “гэта быў удар па ўсёй беларускай апазіцыі.
— Тое, што зрабілі з Алесем Бяляцкім, — гэта ўдар па ўсёй беларускай апазіцыі. Праваабарончы цэнтр “Вясна і Алесь Бяляцкі нават сярод праваабарончых арганізацый, палітыкаў, дэмакратычных актывістаў адрозніваліся прынцыповасцю, смеласцю ў дачыненні да беларускай улады. Яны заўсёды былі ў авангардзе. Яны першымі ўздымалі голас у абарону палітвязняў, яны першымі давалі жорсткую, але справядлівую ацэнку беларускім выбарам. І Бяляцкі, вядома, арыштаваны не за фінансавыя махінацыі. Ён арыштаваны і знаходзіцца ў зняволенні за сваю грамадзянскую пазіцыю. Больш за тое, ён сядзіць, бо небяспечны для беларускіх уладаў, — гаворыць Рымашэўскі.
— Тое, што ён быў выдадзены літоўскімі ўрадавымі арганізацыямі, — гэта ганьба. Я лічу, што гэта ганебны выпадак, не важна, па якой прычыне была дапушчаная гэтая памылка. Гэта ганебны выпадак не толькі для літоўскіх уладных структур, але і для структур усяго Еўрасаюза. Безумоўна, гэта вялікі ўдар і для беларускай дэмакратычнай супольнасці. Патрэбныя не проста заявы, а цвёрдыя рашучыя дзеянні з боку кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, — заявіў Віталь Рымашэўскі.