Беларусы не пускаюць украінскія цукеркі
Беларуская мытня прыпыніла пропуск праз мяжу кандытарскіх вырабаў з Украіны — заяўляе прэзідэнт асацыяцыі "Укркондпром".
Экспарт з Украіны практычна ўсіх відаў кандытарскіх вырабаў у Беларусь з пачатку красавіка не ажыццяўляецца, паколькі беларускія мытныя службы прыпынілі іх афармленне і пропуск праз мяжу, паведаміў прэзідэнт асацыяцыі "Укркондпром" Аляксандар Балдынюк.
"З пачатку месяца цалкам прыпынены экспарт кандытарскіх вырабаў у Беларусь. Гэтая праблема закранула ўсе ўкраінскія прадпрыемствы, якія пастаўляюць у Беларусь цукровыя і шакаладныя кандытарскія вырабы", — сказаў ён агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".
Па словах Балдынюка, да ўкраінскай кандытарскай прадукцыі прымяняецца ўзмоцнены мытны кантроль, які дазваляе затрымліваць груз на мытні да 20 дзён з магчымасцю падаўжэння гэтага тэрміну. Ён адзначыў, што Украіна ў год экспартуе ў Беларусь цукрыстых і шакаладных кандытарскіх вырабаў на суму 0,5 мільярдаў грывен.
"Такім чынам, нашы месячныя страты складаюць 40–50 млн грн, магчыма, і больш, паколькі цяпер час пікавых продажаў напярэдадні велікодных святаў", — падкрэсліў прэзідэнт асацыяцыі "Укркондпром".
Эксперт упэўнены, што беларускі бок блакуе пастаўкі ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў, каб выціснуць іх на перыяд пікавых продажаў.