Беларусь узгадніла "дарожную карту" аб далучэнні да СГА
Беларусь наведала дэлегацыя Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Беларусь наведала з візітам дэлегацыя сакратарыяту Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Яе ўзначальваў Чыеду Асакве, дырэктар дэпартамента па далучэнню новых краін да СГА, інфармуе прэс-служба МЗС Беларусі.
Адбылася сустрэча дэлегацыі з міністрам замежных спраў нашай краіныУладзімірам Макеем. Падчас яе абмяркоўваліся "далейшыя крокі па арганізацыі перамоўнага працэсу Рэспублікі Беларусь з СГА".
Чыеду Асакве паведаміў, што кіраўніцтва арганізацыі і яе чальцы падтрымліваюць як найхутчэйшае ўступленне Беларусі. Мяркуецца, што гэта будзе садзейнічаць дыверсіфікацыі экспарту і развіццю эканомікі нашай краіны.
Падчас сустрэчы ўзгаднілі "дарожную карту", у адпаведнасці з якой будзе адбывацца далейшы перамоўны працэс.
У склад Сусветнай гандлёвай арганізацыі (міжнароднага органа, які выконвае наглядныя функцыі ў галіне сусветнага гандлю) ўваходзіць 161 дзяржава свету. Тры гады таму чальцом СГА стала Расія, чакаецца ўступленне ў арганізацыю Казахстана.