Блогера судзяць за апытанне «Колькі грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ?»
Упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму вінаваціць арганізатара шэрагу суполак у сацыяльных сетках Аляксандра Ірхо ў нанясенні шкоды дзелавой рэпутацыі ведамства.
Ірхо, гаворыцца ў пазове, 21 лістапада размясьціў на старонках суполак матэрыял з ананімным апытаннем пад загалоўкам «Якую суму грошай Вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласьці?». Прапаноўваліся варыянты адказаў. Гэтае апытанне і стала нагодай для звароту абласнога міліцэйскага ведамства ў суд.
21 снежня Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд грамадзянскай справы супраць блогера. Сваёй віны Аляксандар Ірхо не прызнае і адмаўляецца ад вырашэння спрэчкі мірам, заяўляючы, што не разумее патрабаванняў пазоўніка.
Тым часам апанэнты блогера просяць суд абавязаць адказніка апублікаваць абвяржэнне і публічна выбачыцца за распаўсюд інфармацыі, якою зняважаны гонар і годнасць супрацоўнікаў ДАІ.
«Дадзеная інфармацыя, якая мае нэгатыўны, паклёпніцкі і правакацыйны характар і паказвае на хабарніцтва ў шэрагах супрацоўнікаў ДАІ Упраўлення ўнутраных справаў вобласці, атрымала шырокі грамадзкі розгалас і нанесла шкоду дзелавой рэпутацыі ДАІ і Упраўлення ўнутраных справаў у цэлым», — адзначаецца ў пазоўных прэтэнзіях да Ірхо.
Паводле svaboda.org