Блогерка, пра знікненне якой казалі сябры, апублікавала відэазварот

Вольга Жураўская падзякавала ўсім за клопат пра яе, і сказала, што нікуды не знікала.

954db154_b771_49be_8426_b7aec1395ee4_w1023_r1_s.jpg

А проста гасцявала на вёсцы ў сваякоў. Там не было інтэрнэту, і таму, маўляў, яна не змагла раней выйсці на сувязь.
Інтэрнэту, паводле словаў Жураўскай, у яе няма і зараз. Таму не зразумела, якім чынам відэазварот трапіў на яе старонку ў Фэйсбуку, якую яна вядзе пад псеўданімам «Елена Смирнова». Відэазварот Вольгі Жураўскай з тлумачэннямі пра тое, што яе акаўнт ў Фэйсбуку быў узламаны, знаёмыя лічаць «дзіўным». Аднак яна кажа, што з ёй усе ў парадку, дзякуе ўсім, хто непакоіўся, і абяцае завесці ў сацыяльных сетках новыя старонкі, калі не зможа аднавіць доступ да страчаных.
За той час, пакуль у Вольгі Жураўскай, як яна гаворыць, не было інтэрнэту, на яе старонцы ў Фэйсбуку з'явілася некалькі паведамленняў правакацыйнага зьместу. У прыватнасці пра тое, што 9 траўня на плошчы Перамогі ў Віцебску будуць закладзеныя дзве бомбы, і што гэта — ініцыятыва аднаго з віцебскіх супрацоўнікаў міліцыі.
Нагадаем, пра знікненьне віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай паведаміла актывістка Вольга Карач. Знаёмыя і незнаёмыя людзі сталі прапаноўваць варыянты, як найхутчэй знайсці чалавека, тэлефанавалі па міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрымання, хадзілі да яе дадому, тэлефанавалі і дасылалі паведамленні. Амаль двое сутак па інтэрнэце хадзіла версія, пра тое, што Жураўскай маглі адпомсціць за разьмяшчэнне відэаролікаў пра парушэнні грамадзянскіх правоў супрацоўнікамі міліцыі. Пагатоў, і сама Вольга неаднаразова скардзілася, што міліцыянты яе пераследуюць і ўвесь час за ёй сочаць.
Блогерка паведаміла, што яна вярнулася ў Віцебск, аднак незразумела, чаму яна дагэтуль не адказвае на тэлефанаванні і смс-паведамленні, а таксама не рэагуе на званкі ў дамафон, хаця ў вокнах яе кватэры гарыць святло.
Паводле «Радыё Свабода»