Больш за 25 тысяч беларусаў папрасілі не пускаць іх у казіно
Больш за 25 тысяч нашых суайчыннікаў скарысталіся магчымасцю самастойна абмежаваць сябе ў наведванні гульнёвых устаноў на тэрыторыі краіны. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка.
Мера па абароне фізічных асоб ад гульнёвай залежнасці спрацавала, нягледзячы на тое што ідэя з самаабмежаваннем ўспрымалася скептычна, сказаў Васіль Каменка.
Са студзеня 2013 года можна добраахвотна абмежаваць сябе ў наведванні гульнёвых устаноў на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Для гэтага дастаткова напісаць заяву і падаць яе ў любое казіно. Гэта заява вяртанню не падлягае і расцэньваецца як падача заявы ўсім арганізатарам азартных гульняў на тэрыторыі Беларусі. Звесткі пра такіх асобаў Міністэрства па падатках і зборах уносіць у адмысловую базу дадзеных.