Больш за палову фінансавых дырэктараў беларускіх кампаній песімістычна глядзяць у будучыню
Сярод фінансавых дырэктараў беларускіх кампаній пераважаюць песімістычныя настроі, сведчаць вынікі даследавання, якое правяла ў Беларусі кампанія «Дэлойт», піша Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Збор даных прайшоў у другой палове верасня і першай палове кастрычніка 2020 года. У даследаванні прынялі ўдзел 37 рэспандэнтаў — фінансавых дырэктараў, якія прадстаўляюць ключавыя сектары эканомікі. Звесткі збіраліся шляхам онлайн-анкетавання і інтэрв'ю з экспертамі.
«Большасць прадстаўнікоў бізнесу ў Беларусі (52%) чакаюць негатыўных зменаў у фінансавым становішчы кампаніі, што ў асноўным абумоўлена бягучай эпідэміялагічным і палітычным становішчам, а таксама глабальным эканамічным спадам», — гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай на падставе даследавання.
Пры гэтым 24% апытаных фінансавых дырэктараў выказалі здагадку, што сітуацыя не зменіцца, і столькі ж апытаных чакаюць яе паляпшэння.
Доля фінансавых дырэктараў, якія ацэньваюць бягучую эканамічную і палітычную сітуацыю як няпэўную, склала 97%.
«Дэлойт» — адна з вядучых міжнародных фірмаў, якая прапаноўвае паслугі ў галіне аўдыту, кансалтынгу, фінансавага кансультавання, кіравання рызыкамі і кансультавання аб падаткаабкладаньні і праве. Кампанія працуе ў больш як 150 краінах.