Браслаў. Бялынічы. Баранавічы. Масты.
Браслаў. Зусім не копія варшаўскіх “Лазенак
Браслаў. Зусім не копія варшаўскіх “Лазенак
Будучы санаторны комплекс на Браслаўшчыне, як сведчаць ініцыятары яго стварэння, не будзе копіяй славутых варшаўскіх “Лазенак. Ды і навошта, бо іх копія ўжо ёсць — палац
Умястоўскіх у Жэмыслаўлі пад Іўем. Комплекс паўстане пад Браславам, у вёсцы Відзы-Лаўчынскія. Інвестар з Латвіі збіраецца ўкласці ў яго будаўніцтва 50 мільёнаў долараў. Як сведчыць гісторыя,
варшаўскі парк “Лазенкі (Палац на Выспе) звязаны з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і вядомы зараз кожнаму жыхару ці госцю польскай сталіцы.
Напрыканцы XVIII стагоддзя ён перабудаваў Уяздоўскі замак караля Жыгімонта ІІІ Вазы, а лес пераўтварыў у парк. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай своеасаблівым пратэстам супраць Расіі стала капіяванне
мясцовай шляхтай знакавых будынкаў захопленай Радзімы. У 1828 годзе маршалак з-пад Ашмян Казімір Умястоўскі разам з жонкай Юзэфай у Жэмыслаўлі пачалі пабудову сваіх “Лазенак. Цяпер
ад іх захаваліся галоўныя элементы і часткова інтэр’еры палацу.
Бялынічы. Праблемы з выплатай заработнай платы
Амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Бялыніцкага раёна (за выключэннем СВК “Калгас “Радзіма) у апошні час узніклі вялікія праблемы з выплатай заработнай платы сваім
працаўнікам. У апошнія дні наступнага месяца выплачваюць заробак за папярэдні нават у гаспадарцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ “Новая Друць. У шэрагу ж больш
“слабых сельгаспрадпрыемстваў раёна заробкі працаўнікам затрымліваюць наогул на больш значны тэрмін. Па гэтаму пытанню працаўнікі сельскай гаспадаркі пачалі звяртацца ў пракуратуру
і суд Бялыніцкага раёна, некалькі чалавек звярнуліся з адпаведнай інфармацыяй і да журналістаў.
Выклікае вялікае здзіўленне, што гэта праблема абсалютна не зацікавіла “абаронцаў інтарэсаў працоўных з прэзідыума савета Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў,
выязное пасяджэнне якога днямі прайшло ў Бялыніцкім раёне. Як паведаміла раённая дзяржаўная газета “Зара над Друццю, “вывучаны на Бялыніччыне вопыт будзе паспяхова
скарыстаны і ў іншых раёнах вобласці.
Баранавічы. Загінулі дзве тысячы парасят
У Баранавіцкім раёне на комплексе па вытворчасці свініны загінулі дзве тысячы парасят. Прыкладна каля трох гадзін дня ў Баранавіцкі РАУС з гаррайаддзела па НС паступіла інфармацыя аб тым, што ў 05.45
на комплексе па вытворчасці свініны “Усходні (структурнае падраздзяленне ААТ “Баранавічыхлебапрадукт), размешчаным недалёка ад вёскі Сяўрукі, адбылося адключэнне
электразабеспячэння. У выніку была спынена праца сістэмы прымусовай вентыляцыі ў двух свінарніках. Загінула дзве тысячы галоў жывёлы вагой 25–30 кілаграмаў кожная. У 07.45 аварыйнай брыгадай
РУП “Баранавіцкія раённыя электрычныя сеткі энергазабеспячэнне ў будынках было адноўлена. Сума ўрону высвятляецца.
У КВС “Усходні БелаПАН паведамілі, што на комплексе працуе міжведамасная камісія, якая высвятляе ўсе акалічнасці здарэння.
Масты. Грошай не хапае
Пасля прыняцця мастоўскім райсаветам зменаў у раённы бюджэт утварыўся дэфіцыт у памеры амаль 2,9 мільярда рублёў. Аднак у рашэнні райсавета адсутнічаюць крыніцы пагашэння дэфіцыту. Паводле Бюджэтнага
кодэксу Беларусі, пры рашэннях, якія выклікаюць дэфіцыт бюджэту, павінны вызначацца крыніцы пагашэння дэфіцыту. “На працягу апошняга года я неаднаразова звяртаўся ў Мастоўскі райсавет,
Гродзенскі аблсавет наконт парушэнняў Бюджэтнага кодэксу, аднак на ўсе звароты атрымліваў звычайныя адпіскі. Прычым змест адказаў у мяне выклікаў пытанні наконт прафесійных якасцяў людзей, што
займаюць адпаведныя пасады, — падкрэсліў дэпутат Мастоўскага райсавета Дзмітрый Кухлей.