Брэст: абласны суд адхіліў касацыйную скаргу незалежнага журналіста
Яўген Скрабец, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, спрабаваў аспрэчыць рашэнне суда першай інстанцыі, які пакараў яго арыштам на 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства.
Яўген Скрабец
Незалежны журналіст быў затрыманы 17 траўня супрацоўнікамі АМАП, калі вяртаўся дадому. Пра сваё затрыманне Яўген паспеў сам папярэдзіць калег, даслаўшы смс-паведамленне, з якога вынікала, што яго адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. У ізалятары часовага ўтрымання Скрабец знаходзіўся да раніцы 19 траўня, пакуль яго не адвезлі ў суд. Падчас разгляду справы Яўген заявіў хадайніцтва пра допуск да судовага разбіральніцтва адваката, і працэс быў прыпынены. Няглядзечы на тое, што суддзя вырашыў вызваліць Скрабца да новага паседжання, ён быў зноў затрыманы міліцыяй і адвезены ў пастарунак. Праз некалькі гадзін адбылося новае судовае паседжанне, у выніку якога незалежнага журналіста пакаралі арыштам на 10 сутак нібыта за брыдкаслоўе.
Пасля выхаду на волю з дапамогай праваабаронцаў Яўген Скрабец накіраваў скаргу ў Брэсцкі абласны суд з просьбай адмяніць згаданае рашэнне суда Ленінскага раёна г.Брэста. У скарзе Яўген адзначае, што пастанова суддзі Кавальчук ёсць незаконнай, неабгрунтаванай і парушае яго грамадзянскія правы, а сама справа пра адміністрацыйнае правапарушэнне ад самага пачатку была сфальсіфікаваная супрацоўнікамі міліцыі.
Аднак прыведзеныя Скрабцом шматлікія аргументы не былі ўзятыя пад увагу Брэсцкім абласным судом, які пакінуў без задавальнення ягоную скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі.