Брэст: пракуратура сцвярджае, што выдаваць копіі вынесеных грамадзянам папярэджанняў не абавязана

Пра гэта ў лісце да незалежнага журналіста Яўгена Скрабца, якому 31 сакавіка было вынесенае афіцыйнае папярэджанне, паведаміў намеснік пракурора горада Брэста Іван Чайчыц.



skrabec_jauhen.jpg

Яўген Скрабец

Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Брэста Яўгена Скрабца 21 сакавіка выклікалі ў гарадскую пракуратуру, дзе спрабавалі атрымаць у яго адказы на пытанні кшталту, ці працуе Скрабец на замежныя СМІ без акрэдытацыі і ці не дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь ва ўласных матэрыялах.

Тады Яўген адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні і падпісваць пратакол апытання, а праз дзесяць дзён, 31 сакавіка, ён зноў быў выкліканы ў пракуратуру, дзе незалежнаму журналісту было вынесена папярэджанне “аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў”. Папярэджанне тычыцца публікацый журналіста на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”, якое месціцца ў Беластоку.

Адметна, што само пісьмовае папярэджанне Яўгену Скрабцу ў пракуратуры выдаць адмовіліся, пасля чаго сябра ГА “БАЖ” пакінуў адпаведную заяву, бо копія папярэджання яму патрэбная для далейшага абскарджання.

Зараз з адказу намесніка пракурора горада Брэста вынікае, што “заканадаўствам не прадугледжана абавязкаў выдаваць грамадзянам копіі афіцыйных папярэджанняў”. Адначасова ў лісце паведамляецца, што Скрабец можа зноў наведаць пракуратуру, каб азнаёміцца з дакументам.

skrabec_prakur_papiar.jpg

 
spring96.org