Брэст: у гарвыканкам пададзена заяўка на пікет супраць росту коштаў на тавары і паслугі

Ініцыятыва правядзення такой акцыі належыць мясцовай суполцы Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, а сам пікет плануецца правесці 17 ліпеня ў вызначаным для гэтага гарадскімі ўладамі месцы — парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.



spraviadlivy_svet1.jpg

Паводле кіраўніка Брэсцкай гарадской арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Людмілы Дзенісенкі, мэтай пікету будзе выказванне пратэсту супраць неўтаймаванага росту коштаў, што ў першую чаргу адбіваецца на пенсіянерах і маламаёмасных катэгорыях насельніцтва. Пры гэтым, на думку партыйнай актывісткі, людзей больш за ўсё абурае, што ўлады нават не лічаць неабходным тлумачыць, чаму ў чарговы раз узрастаюць кошты на той ці іншы тавар — асабліва калі гэта тычыцца прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў Беларусі.

Раней нам казалі, што падвышэнне звязана з тым, што даражэюць расійская нафта ці газ, ёсць праблемы з курсам беларускага рубля адносна іншых валют, але зараз нават такія тлумачэнні ніхто з кіраўнікоў дзяржавы не робіць”, — звяртае ўвагу Людміла Дзенісенка, распавядаючы пра неабходнасць праз пікетаванне даць людзям мажлівасць выказаць сваё стаўленне да набалелых пытанняў, што хвалююць грамадства.

spring96.org