Будаўніцтва дома на месцы выяўленых расстрэлаў людзей у Брэсце не спынілі

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў намеснік начальніка камітэту архітэктуры і будаўніцтва Брэсцкага райвыканкаму Генадзь Панасюк.

Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбужскі квартал», дзе выявілі парэшткі расстраляных, Брэст

Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбужскі квартал», дзе выявілі парэшткі расстраляных, Брэст

1 лютага ў дзяржаўным выданні «Брестский вестник» з’явілася інфармацыя, што камісія інвестыцыйнай дзейнасці Брэсцкага аблвыканкаму адмовіла ААТ «Прыбужскі квартал» у заключэнні дадатковай угоды да інвестыцыйнай дамовы, паводле якой будуецца жыллёвы комплекс «Прыбужскі квартал».

Як расказаў Генадзь Панасюк, гэта не азначае, што дом не будзе будавацца на тым месцы, дзе будаўнікі выявілі парэшткі людзей.

«Будаўніцтва дома і будаўніцтва дома ў межах інвестыцыйнай дамовы — гэта розныя пытанні. Дом будзе будавацца па-за межамі інвестыцыйнай дамовы. Гэта разгледзела камісія. Камісія можа толькі рэкамендаваць аблвыканкаму; разгляду, наколькі разумею, яшчэ не было», — кажа Генадзь Панасюк.

Будаўніцтва дома ў межах інвестпраекту мае некаторыя льготы, патлумачыў чыноўнік.

Пакуль не ідзе размовы пра тое, што на месцы выяўленых парэштак расстраляных людзей будаўніцтва будзе спыненае, сказаў Генадзь Панасюк.

Як раней паведамляла “Свабода”, на будаўнічай пляцоўцы ў цэнтры Брэсту былі знойдзеныя парэшткі дзясяткаў людзей, забітых нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.

На месцы будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал» у гады вайны знаходзілася гета, тут адбываліся і расстрэлы габрэяў.

Непадалёк знаходзіцца помнік 34 тысячам ахвяраў Брэсцкага гета.

Мастацтвазнаўца ў галіне архітэктуры Ірына Лаўроўская з Брэста мяркуе, што варта забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак. Яна стварыла адпаведную петыцыю ў Савет Міністраў, Генеральную пракуратуру ды Брэсцкі гарвыканкам. Пад петыцыяй падпісалася каля 100 чалавек.

«Важна спыніць якую-кольвек забудову гэтай тэрыторыі з дзвюх прычын: першая — невядома, колькі яшчэ таямніц хаваецца побач, і другое — павага да памерлых», — кажа Ірына Лаўроўская.

www.svaboda.org