Будаўніцтва “Бульбашъ-хола” прыпыняецца?

Прадстаўнікі Міністэрства культуры і Генпракуратуры выязджалі на месца будаўніцтва забаўляльнага комплексу і выявілі парушэнні.



113248.jpg

Сенсацыйны адказ на заяву ўдзельнікаў круглага стала “Абаронім Курапаты пра недапушчальнасць будаўніцтва “Бульбашъ-хола ля крыжоў ва ўрочышчы Курапаты атрымала арганізатарка мерапрыемства Ганна Шапуцька. У адказе за подпісам намесніка міністра культуры Віктара Кураша паведамляецца:
“Падчас выезду на месца выяўлена, што работы праводзяцца часткова ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым іх выкананне ажыццяўляецца без дазволу Міністэрства культуры […]. Міністэрствам культуры выдадзена прадпісанне заказчыку работ СТОО “Белрэстінвест і Мінаблвыканкаму аб спыненні работ ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці […]. Аднаўленне работ будзе магчыма пасля забеспячэння адпаведнасці праектнай дакументацыі і яе рэалізуючым прававым нормам.
Тым часам, у адказе — ні слова пра прыпыненне прац на самім будынку "Бульбашъ-хола", толькі пра ахоўную зону Курапатаў. Бо некалі дазвол на пабудову "Бульбашъ-хола" давала само ж Міністэрства культуры.
Ганна Шапуцька ў інтэрв’ю Еўрарадыё адзначыла, што падпісанты звароту, сярод якіх былі такія паважаныя людзі як Ігар Кузняцоў, Сяргей Ханжанкоў, Зміцер Дрозд ды іншыя, таксама прасілі Мінкульт пра асабістую сустрэчу. Гэтую просьбу чыноўнікі праігнаравалі.
 

Крыніца: http://euroradio.fm/report/budaunictva-bulbash-hola-prypynyaecca-124094