«Будзеце блытацца пад нагамі — вас задушаць». Чаму дапытваюць былых супрацоўнікаў АНТ
Следчы камітэт Беларусі пачаў дапытваць былых супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлеканала АНТ, якія страйкавалі і звольніліся падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Усяго вядома пра прыблізна 20 выклікаў у СК, некаторыя супрацоўнікі ўжо былі на допытах, з іх узялі падпіску аб неразгалошванні, піша «Свабода».
Былая спецкор АНТ Наталля Максімава (Казей) распавяла
тэлеканалу «Настоящее время», чым выклікана незадаволенасць сілавікоў і як
журналістам перад выбарамі пагражаў асабіста Аляксандр Лукашэнка.
— Вам тэлефанаваў следчы як былой супрацоўніцы АНТ? Вас
выклікалі на допыт?
— Ведаеце, так, нас выклікалі. І я гэта дакладна ведаю, бо
мне ўжо ўсё перадалі, але я знаходжуся не ў Беларусі цяпер, а ў іншай краіне,
таму я, вядома, туды не пайду. Аднак большасць маіх калег знаходзіцца на
тэрыторыі Беларусі. І я ведаю, што ўжо праз некалькі хвілін пачнецца чарговы
допыт, калі будуць выпытваць, выбіваць нейкую інфармацыю, якая дапаможа
следчым сфабрыкаваць крымінальную справу і маіх былых калег, якія таксама
звольніліся пасля 9 жніўня, са статусу сведак перавесці ў статус
абвінавачаных. Для нас відавочна, што, раз ёсць крымінальная справа, значыць,
нехта павінен сесці.
Як гэта адбываецца? Зараз калегам тэлефануе следчы і кажа:
«Прыходзьце, выклікаем вас на допыт у якасці сведкі». «Па якім пытанні?» —
«Па крымінальнай справе». «Па якой крымінальнай справе?» — «Гэтага мы вам па
тэлефоне сказаць не можам».
Дык што ж гэта за такая сакрэтная крымінальная справа? Для
нас гэта пацвярджэнне таго, што нічога супрацьпраўнага мы не рабілі і,
вядома, гэта проста такая дурная помста з боку нашага былога кіраўніцтва, з
боку былога кіраўніцтва краіны, але дзеючага. Таму што яшчэ летам, калі
Лукашэнка збіраў журналістаў дзяржаўных СМІ ў Палацы Незалежнасці, ён сказаў:
«Запомніце, калі вы пойдзеце і будзеце блытацца пад нагамі, вас задушаць». І мы
тады ведалі, што хутка гэта ўсё не скончыцца.
Калі ў жніўні сыходзілі, мы ведалі, што ўлада будзе да
апошняга трымацца, чапляцца пальцамі, рукамі за гэтую ўладу, што нам будуць
помсціць. Калі мы сыходзілі, [кіраўнік тэлеканала Марат. — РС] Маркаў таксама
многім асабіста казаў, што не забудзе гэтага.
Інтэрв'ю, але я б сказала, допыт Маркавым Рамана
Пратасевіча ў яго праграме гэта пацвярджае. Калі вы памятаеце, Маркаў вельмі
цікавіўся: «А хто з былых журналістаў з дзяржаўных СМІ вам дапамагае?» Яму
вельмі цікава, яму гэта вельмі свярбіць. Ён хоча ведаць, хто нешта робіць, каб
адпомсціць, каб нас пакараць, каб нас усіх пасадзіць.
— Вы гаворыце пра Лукашэнку, які збіраў журналістаў. Гэта
значыць, Лукашэнка, фактычна, пагражаў журналістам перад прэзідэнцкімі выбарамі?
— Ён казаў: «Калі вы пойдзеце і будзеце блытацца пад нагамі,
вас задушаць». Гэта было ў Палацы Незалежнасці летам на яго сустрэчы з
журналістамі дзяржаўных СМІ. Я таксама там была.
— Якая зараз сітуацыя? Колькі былых супрацоўнікаў выклікалі
на допыт?
— Мы маем кантакт, і я ведаю, што выклікалі ўсіх калег,
якія ўдзельнічалі ў страйку. Страйк мы правялі 17 жніўня. У гэты дзень мы
сабраліся, мы падпісаліся, паставілі свае прозвішчы — каля 20 чалавек. Гэты
аркушык мы аддалі Маркаву. Страйк ён афіцыйна, вядома ж, не прызнаў, але
аркушык гэты захаваў, і ўсе нашы прозвішчы маментальна аказаліся ў чорным
спісе.
Нас фізічна не пускалі на канал, на Камуністычную, 6 мы не
маглі патрапіць. І я, напрыклад, свае рэчы забірала ўжо праз акно — гэта здымаў
шведскі канал SVT, як мне адміністратар перадавала мае рэчы. У выніку мяне
звольнілі паводле артыкула за прагулы. Хоць так, я проста не магла трапіць на
канал.
Усе гэтыя людзі цяпер у чорным спісе. Я думаю, што гэты
чорны спіс Маркаў захаваў і цяпер перадаў куды трэба.
— Вы кажаце, што ёсць крымінальная справа, але да гэтага
часу невядома, што гэта за крымінальная справа. І тыя, хто ўжо быў на допытах,
яны не могуць паведаміць, што за крымінальная справа?
— Усе, каго выклікаюць, усе, хто ўдзельнічаў у страйку,
упэўненыя, што гэтая крымінальная справа тычыцца страйку. Ім трэба знайсці
арганізатара. Пакуль што ўсе праходзяць у ролі сведкаў. Але гэта ж смешна. Вы
ж разумееце, што са статусу сведкі лёгка трапіць у статус падазраванага і
сесці. Я ўпэўненая, што зараз яны ў кожнага выпытваюць: «А што вас не
задавальняла на працы?» Па тэлефоне гаварылі: «Мы пагаворым пра лета, пра вашу
працу на тэлебачанні. Што вас тады не задавальняла? Чаму так адбылося?»
Мы сабралі ўсё нітачкі разам, якія можна было сабраць, і
прыйшлі да такой высновы, што ім проста трэба запалохаць, знайсці
арганізатара, яго пасадзіць, каб іншым было непанадна. Але гэта смешна, гэта
вельмі дурная помста. Той, каго пасадзяць, стане героем, а той, хто з'едзе, у
яго ўжо больш будуць развязаныя рукі, і за мяжой гаварыць ён зможа значна
больш, чым у Беларусі.
Паводле нашых падлікаў, тады сышло сапраўды каля 80 чалавек
— гэта, фактычна, кожны трэці адмовіўся працаваць. Нашы патрабаванні падчас
страйку былі вельмі простыя: асвятліць у эфіры тое, што адбывалася на
Акрэсціна, тое, што адбывалася ў горадзе, у краіне пасля выбараў. Некаторыя
нашы калегі самі трапілі на Акрэсціна, самі былі збітыя АМАПам, і мы бачылі
нашых сяброў, таму мы не маглі маўчаць.
— Вы кажаце, што кожны трэці сышоў з АНТ. Што б вы сказалі
тым былым супрацоўнікам, якія засталіся працаваць на АНТ? Магчыма, што-небудзь
сказаць Маркаву?
— Маркаў, я вельмі спадзяюся, адкажа ў судзе за кожнае сваё
злачынства, а злачынстваў ён здзейсніў ужо нямала. Усе тыя, якія засталіся, я
спадзявалася, што яшчэ ўвосень яны пойдуць за намі. Узімку я верыла ў гэта, але
вера амаль знікла. Вясной я перастала з імі мець зносіны. Я была ў Мінску ў маі, сустрэла калегу на праспекце Незалежнасці — я нават не павіталася. Я
не магу вітацца з тымі, хто дапамагае здзяйсняць злачынствы. Калегі, вы ўсе
ўжо злачынцы. Калі ласка, прачніцеся, апамятайцеся, спыніцца ніколі не позна, я
вас заклікаю. Людзі прымуць, людзі вас не з'ядуць, наадварот, усе толькі
падтрымаюць. Я заклікаю вас: ідзіце, не садзейнічайце крываваму рэжыму.
Яшчэ я заклікаю сусветную супольнасць: калі ласка,
дапамажыце, звярніце ўвагу на гэтую справу, таму што нас, былых журналістаў
дзяржаўных СМІ, прэсуюць, рэпрэсіі закранулі нас значна мацней. [Усё
пачыналася. — РС] з былых сілавікоў, былых суддзяў, а цяпер справа дайшла да
былых журналістаў дзяржаўных СМІ.