Чатыры гады таму адбыўся выбух у мінскім метро

11 красавіку 2011 года прагрымеў выбух на станцыі метро «Кастрычніцкая» у Мінску.



110413_v.jpg

15 чалавек загінулі, 387 — атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У здзяйсненні выбуху абвінавацілі ўраджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яны абодва былі затрыманыя ўжо праз дзень, вечарам 12 красавіка. Акрамя выбуху ў метро, іх абвінавацілі ў тэрактах у Віцебску восенню 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008-га.

Крымінальную справу аб выбуху ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама паведаміў, што падчас дасудовага расследавання абгаварыў сябе і Канавалава пад ціскам следства. 30 лістапада суд прысудзіў іх да найвышэйшай меры пакарання — смяротнай кары.

Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Канавалаў, паводле афіцыйных дадзеных, прашэнне не падаваў.

Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства здзейсненых актаў тэрарызму».

Камітэт правоў чалавека пры ААН, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжаная. Тым не менш 17 сакавіка 2012 стала вядома, што абодва смяротныя прысуды прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб смерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.

Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны паказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткую пакаранне абвінавачаных у тэракце, што, на іх думку, выглядае падазрона.

Маці аднаго з пакараных Любоў Кавалёва не верыць у вінаватасць свайго сына. Яна разам з праваабаронцамі на працягу года спрабавала дамагчыся ад уладаў інфармацыі аб месцы ягонага пахавання і выдачы цела. Бацькі іншага пакаранага на кантакт з журналістамі не ідуць.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь — адзіную ў Еўропе краіну, дзе да гэтага часу прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды — увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

charter97.org