Цела Генадзя Шутава аддалі сям'і, пахаванне заўтра

Цела памерлага ад атрыманага падчас акцый пратэсту 11 жніўня агнястрэльнага ранення галавы берасцейца Генадзя Шутава пасля судмедэкспертызы аддалі родным. Пра гэта TUT.BY паведаміла дачка Генадзя Анастасія Баранчук. Зараз катафалк з труной Шутава накіроўваецца ў Жабінку, там яго заўтра пахаваюць. Катафалк суправаджаюць байкеры: Генадзь быў адным з іх.

Генадзь Шутаў

Генадзь Шутаў

У даведцы аб смерці Шутава сказана, што непасрэднай яе прычынай стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. Гэта было ўстаноўлена судмедэкспертам падчас ускрыцця. Асноўная прычына смерці - траўматычнае унутрымазгавое кровазліццё.
У дакуменце таксама пазначаецца код знешняй прычыны паводле шыфра міжнароднай класіфікацыі хвароб (МКБ-10): Y22 - «пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі». У гэты блок МКБ-10 ўключаюцца выпадкі, калі даступнай інфармацыі недастаткова, каб эксперты маглі зрабіць выснову аб тым, ці з'яўляецца дадзены інцыдэнт няшчасным выпадкам, самапашкоджаннем і гвалтам з мэтай забойства або нанясення пашкоджанняў.
Нагадаем, 44-гадовы Генадзь Шутаў памёр 19 жніўня ў ваенным шпіталі Мінска. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня каля дома № 334 на вуліцы Маскоўскай. У гэты час у горадзе праходзілі стыхійныя масавыя пратэсты.
Спачатку яго даставілі ў Брэсцкую абласную бальніцу, а затым на верталёце транспартавалі ў Мінск з дыягназам «адкрытае пранікальнае агнястрэльнае раненне чэрапа. Удар - размазджэранне галаўнога мозгу. Шматаскепны пералом звода чэрапа з пераходам на аснаванне».
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, падчас пратэстаў 11 жніўня ў Брэсце яго «ненаўмысна паранілі ў галаву са зброі пры нападзе на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку".
Сваякі загінулага з такой версіяй не згодныя. Яны настойваюць, што Генадзь ні ў якіх масавых беспарадках не ўдзельнічаў, па характары быў спакойны і ўраўнаважаны, працаваў дальнабойнікам.
У загінулага засталіся пяцёра дзяцей.